Аб'ектыў 18.07.2018 За кошт чаго ўлады павышаюць пенсіі


Другі раз за год улады павялічаць выплаты пенсіянерам.

З 1 жніўня, як чакаецца, пенсіі вырастуць на 10 %. Раней – у траўні яны пенсіянерам дадалі яшчэ 5%. Між тым, яшчэ да згаданых павелічэнняў, пенсійны фонд ужо працаваў у мінус, нягледзячы на рост адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Адкуль жа возьмуць сродкі на прыбаўку да пенсіяў і куды сыходзяць грошы, якія мы адлічаем са сваіх заробкаў у пенсійны фонд?

Рост пенсіяў абгоніць заробкі. Пасля абяцанага павелічэння на 10% у жніўні, агулам выплаты пажылым беларусам вырастуць амаль на чвэрць, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году.

Сыходзячы з абяцанай лічбы, сярэдні памер пенсіі ў канцы лета мае скласці 365 рублёў. Цяпер гэта недзе 330 рублёў – на 11,5 % больш, чым год таму.

Але гэтае павелічэнне – не заробленае. За першыя чат году сярэдні заробак беларусаў, паводле афіцыйнай статыстыкі, павялічыўся амаль на 20%. Настолькі ж павінныя былі вырасці і выплаты ў пенсійны фонд. Пенсіі тады яшчэ не павялічыліся. Але Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ўжо тады спрацаваў з дэфіцытам.

«Асноўнай прычынай з’яўляюцца недастаткова высокія тэмпы росту ў мінулыя гады, але на другім месцы гэта – дэмаграфія і старэнне насельніцтва», – кажа аналітык Businessforecast.by Аляксандр Муха.

Адмыслоўцы канстатуюць: сёлетняе павелічэнне пенсіяў выходзіць не за кошт пенсійнага фонду, а са сродкаў бюджэту. То бок, за кошт іншых галінаў, перадусім – замест выплатаў па замежнай запазычанасці.

«Чакаецца, што пераводы з бюджэту ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва перавысіць $ 700 млн, нягледзячы на павелічэнне пенсійнага ўзросту», – кажа аналітык Businessforecast.by Аляксандр Муха.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі з году ў год пераконваюць Менск, што вырашыць пенсійны крызіс можна толькі за кошт устойлівага росту эканомікі ды аднаўлення самаакупляльнай занятасці. Улады ад прапанаваных рэформаў адмаўляюцца, указваючы на неабходнасць уласнага шляху. Крыніцы агенцтва БелаПАН у Нацыянальным сходзе заявілі, што пасля 2022-га году, калі закончыцца існае трохгадовае павелічэнне пенсійнага ўзросту для ўсіх беларусаў, улады могуць працягнуць павялічваць пенсійны ўзрост для жанчын.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары