За допінг будуць саджаць у турму


Дыскваліфікацыя, забарона трэніраваць, пазбаўленне дзяржаўнага падтрымання і нават крымінальная адказнасць – дзяржава збіраецца змагацца супраць ужывання спартоўцамі допінгу самымі радыкальнымі метадамі.

Згодна з новым указам, у выпадку дыскваліфікацыі спартоўца або яго персаналу за допінг ім будзе забаронена займацца педагагічнай дзейнасцю ў сферы фізічнай культуры і спорту. Іх таксама абавяжуць кампенсаваць сумы выплатаў для стымулявання і пазбавяць дзяржаўных узнагародаў, атрыманых за адпаведныя спартовыя дасягненні.

«Я лічу, што гэта мера павінна быць дзейснай, але толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе жорстка кантралявацца і разбірацца будуць на поўным сур’ёзе, а не глушыць, як той казаў, дубінай па галаве, не разбіраючыся. Я лічу, што трэба разбірацца: хто каму даў, навошта і чаму», – кажа алімпійскі чэмпіён у цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў.

Калі ж спартовыя федэрацыі будуць сістэматычна трапляцца на допінгу, іх могуць караць фінансава: пазбавіць дзяржаўнага падтрымання, спыніць іх вызваленне ад падаткаў і збораў з замежнай дапамогі. Таксама магчымае іхнае выключэнне з рэестра федэрацыяў на тэрмін да двух гадоў. А нацыянальныя каманды могуць быць пакараныя змяншэннем іх аб’ёму і фінансавання.

«Пазбаўленне дзяржпадтрымкі – гэта тая захада, якая можа дазволіць федэрацыям задумацца аб чысціні спорту ў іх канкрэтным відзе. … Зноў жа, калі мы маем на ўвазе допінг, як вялікую фармакалогію, то ўсё роўна ён будзе выкарыстоўвацца, калі гэта канкрэтна нейкія шалёна забароненыя сродкі, то тут ужо трэба будзе больш дыферэнцыравана падыходзіць», – мяркуе журналіст By.tribuna.com Андрэй Маслоўскі.

Ёсць у Беларусі і традыцыйныя метады паляпшэння фізічнай кандыцыі спартоўцаў перад адказнымі спаборніцтвамі.

«Фармакалогія, хімія з намёкам на допінг. Вунь сала – самы лепшы беларускі допінг!», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа момант, на меркаванне экспертаў, аднымі забаронамі ды жорсткімі пакараннямі чысціні спорту і высокіх вынікаў не дасягнуць.

«Каб цалкам перамагчы ўжыванне допінгу ў Беларусі, трэба падняць на патрэбны ўзровень спартовую медыцыну. Таму што калі на ўзроўні спартовая медыцына, допінг, у прынцыпе, не патрэбны. Тады ёсць абсалютна нармальныя дазволеныя сродкі для падтрымання абсалютна нармальнай жыццядзейнасці спартоўца пад высокімі нагрузкамі», – кажа алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў.

Са словаў спартоўцаў, Беларусі неабходны медычны цэнтр з камандай дасведчаных спецыялістаў у спартовай медыцыне, якія змогуць дапамагчы нашым атлетам дасягаць лепшых вынікаў. Аднак гэта каштуе вельмі немалых грошай, што і застаецца асноўнай праблемай.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»