За 1 дзень белсатаўцам далі штрафаў на Br 6000


Адзін дзень, два суддзі, восем пакаранняў белсатаўцам. Больш за Br 6000 штрафаў атрымалі сёння нашыя калегі. З пачатку ж года дзяржаўная скарбонка за кошт «Белсату» папоўнілася амаль Br 30 000.

За здымкі з адкрыцця мемарыяльнай табліцы заснавальнікам БНР у Менску – па Br 857,5 штрафу атрымалі журналістка Любоў Лунёва і аператар Сяржук Краўчук. Сведка ў справе, традыцыйна, міліцыянт – Дзмітрый Шантыра.

«Міліцыянт-сведка з Цэнтральнага РУУС нават не ведаў, пра якую падзею ідзе размова», – кажа Любоў Лунёва.

Паседжанне адбылося ў Цэнтральным судзе сталіцы. Рашэнне прыняла Вікторыя Шабуня.

Яна ж вяла і іншы працэс сёння. За здымкі мітынгу-канцэрту дваццаць чацвёртага сакавіка штрафы атрымалі Сяржук Краўчук (сёння гэта другое пакаранне для аператара – Br 857,5), і журналістка Марыя Арцыбашава (Br 735).

«Чарговы суд, чарговае паседжанне за працу, за працу журналіста-фрылансэра. Чамусьці суд зноў не ўлічвае, што мы па заканадаўстве маем права на збор інфармацыі. Гэта нам гарантуе Канстытуцыя», – кажа Марыя Арцыбашава.

Суд – той жа, суддзя – Іван Касцян. І яшчэ чатыры штрафы.

«Сёння ў Цэнтральным судзе – дзень «Белсату». На кожным паверсе судзяць па два белсатаўцы – прыходзіш, як на працу. Канешне, гэта сведчыць пра тое, што менавіта ў дачыненні белсатаўцаў ідзе ціск. Таму што ў нас шмат замежных медыяў, якія працуюць, але суды – толькі ў дачыненні нас», – распавядае журналістка Ірына Арахоўская.

Ірыну Арахоўскую (Br 490) і Кацярыну Андрэеву (Br 857,5), як і іншых белсатаўцаў, судзілі за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ – артыкул дваццаць два кропка дзевяць Адміністратыўнага кодэксу. Фармальнаю падставаю для пакарання сталася вось гэтае апытанне пра галасаванне на расейскіх выбарах у Беларусі.

«Гэта, фактычна, забарона на прафесію. Я не маю права легальна працаваць. А я хачу легальна працаваць. Я патрабавала, каб выклікалі прадстаўнікоў МЗС і Мінінфарму, каб яны далі тлумачэнні, чаму так адбываецца. Суддзя адмовіў», – кажа Кацярына Андрэева.

Затое пастанавіў пакараць Андрэеву другі раз цягам дня. За стрым з акцыі напярэдадні стагоддзя БНР. Аператар Алесь Баразенка, у той дзень напарнік журналісткі, атрымаў Br 857,5 штрафу.

«Тыя матэрыялы, якія я бачыла, – яны вельмі фармальныя. Бачна, што адзін супрацоўнік Цэнтральнага РУУС сам прыходзіць на месца, сам робіць фотафіксацыю, што людзі працуюць, сам адглядае сайт «Белсату», сам складае пратакол, сам піша рапарт. З аднаго боку, гэта эканомія чалавечага рэсурсу, з іншага – відавочная неаб’ектыўнасць самога працэсу», – адзначае праваабаронца Наста Лойка.

Негатыўныя навіны сёння прыйшлі і з Берасця. Суддзя Маскоўскага раёну Раіса Лабачэўская пастанавіла пакінуць пакаранне журналісту Алесю Леўчуку. Раней, на скаргу адвакаткі, улічыўшы падроблены пратакол, абласны суд адмяніў рашэнне пра штраф на больш як Br 600.

Лола Бурыева, «Белсат»