Аб'ектыў 19.12.2016 З мараю пра перамены. Гадавіна брутальнай Плошчы-2010


Плошча Незалежнасці ў самым цэнтры беларускай сталіцы. Пасля 2010-га года яна вярнула сабе статус аднаго з сімвалаў змагання за перамены, які мела ў 90-я.

Масавы мітынг скончыўся жорсткім разгонам

Роўна шэсць гадоў таму, пасля закрыцця выбарчых участкаў, паводле розных ацэнак у пікавы час тут сабраліся да 40 тысячаў чалавек.

«Я думаю, што для беларусаў гэта дзень годнасці. Гэта дзень якім яны павінны ганарыцца. Бо ў запалоханай краіне, дзе падаецца без дазволу нішто не мае варухнуцца, раптам у маразы, увечары, на Плошчу выходзяць дзясяткі тысячаў людзей», – зазначыў Мікалай Статкевіч, кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 г.

Рэкордная колькасць кандыдатаў, фальсіфікацыяў, рэпрэсіяў

Прэзідэнцкая кампанія 2010-га запомнілася, сярод іншага, рэкорднаю колькасцю кандыдатаў на прэзідэнцтва – ажно 10. А таксама ўжо традыцыйнымі фальсіфікацыямі. Гэта і ўкідванне бюлетэняў чальцамі камісіі, і выдаленні з участкаў назіральнікаў, і падазроныя лічбы галасавання ўдома ды датэрмінова.

І ўласна патрабаваць новых выбараў, толькі ўжо без удзелу Лукашэнкі, і прыйшлі шэсць гадоў таму тысячы беларусаў адразу на Кастрычніцкую, а пасля шэсцем па праспекце, на плошчу Незалежнасці.

Вынікам адкрытага выказвання грамадзянамі недаверу да вынікаў галасавання сталася масавае і брутальнае збіццё АМАПам удзельнікаў Плошчы 2010-га года.

Адзін з асноўных кандыдатаў ад апазіцыі, Уладзімір Някляеў, якога збілі яшчэ да заканчэння галасавання, мяркуе, што спецслужбы напалохаліся выбуху народнага гневу, і таму іхная рэакцыя была жорсткая як падчас Плошчы, гэтак і цягам наступных гадоў, калі любыя праявы пратэсту караліся імгненна: людзей збівалі, штрафавалі, арыштоўвалі.

«Што толькі пра плошчу-2010 не казалі. Ад узнёслых словаў, да зневажальных. Маўляў, гэтыя людзі не ведалі што рабіць, яны ішлі ў сляпую. Гэта ўсё няпраўда. Мы ведалі што нам рабіць, але што рабіць ведалі і тыя сілы, якія былі супраць нас», – даводзіць Уладзімір Някляеў.

У выніку спецаперацыі на Плошчы 600 чалавек затрымалі

У тым ліку сем кандыдатаў на прэзідэнцтва. Пасля – суды і сотні адміністратыўны арыштаў для адных, і 49 крымінальных справаў для іншых.

Ці гатовыя грамадзяне зноў гучна запатрабаваць пераменаў?

Цяпер жа, калі рост заробкаў не паспявае за інфляцыяй, а тысячы людзей губляюць працу праз скарачэнні, улады не наважваюцца на глыбокія рэформы. А дэмакратычныя выбары гэтак і засталіся марамі.

«Беларусы памяркоўныя людзі, і каб яны пачалі пратэсты, павінна здарыцца штосьці вельмі сурʼёзнае».

«Я лічу, што чалавек мае права выказваць свой пункт гледжання, але ўсе павінна быць у разумных межах».

«Акрамя цэпаў ужо няма што страчваць, зразумейце правільна, таму што так далей жыць ужо невыносна».


– мяркуюць жыхары Менску.

Пасля падзеяў Плошчы-2010 з Беларусі зʼехала шмат актывістаў і журналістаў, якія зазналі рэпрэсіі на радзіме. Частка з іх стварыла ў замежжы цэнтры беларускага жыцця, дзякуючы якім прасоўвае веды пра Беларусь ды дапамагае праектам на радзіме.


Юрый Салодкі, «Белсат»

Фота: mmet.livejournal.com

Глядзі таксама
Каментары