З 2-га на 27-ае. Беларусь апусцілася ў рэйтынгу пітушчых краінаў


Ёсць добрая нагода… Беларусы сталі менш піць – сцвярджаюць даследчыкі Сусветнай арганізацыі здароўя. Паводле дакладу, мы нават не ўваходзім 20-ку самых пітушчых. Хоць яшчэ зусім нядаўна былі лідарамі ў свеце і займалі 2 радок сумнага рэйтынгу.

Шклянка напалову поўная ці пустая? Не ўсе беларусы падзяляюць аптымізм замежных даследчыкаў.

Жыхары Менску:

«Бо цэны павысіліся. А вы выпіваеце? Ну, чыста сімвалічна. Бутэлек 5 гарэлкі на дзень».

«Танныя віна купляюць з меншым змесцівам спірту, бо моцны алкаголь вельмі дарагі».

У параўнанні з 2010-м годам, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у разліку на чалавека за год мы сталі піць ажно на 6 літраў спірту менш.

«Разумнейшая моладзь стала, і няма нават чаго думаць».

І гэта прынамсі адная з прычынаў. Эксперты адзначаюць такую ж дынаміку змяншэння спажывання і ў нашых суседзяў – Украіны ды Расеі. Яны апусціліся на 33 і 26-ае месца адпаведна.

Жыхары Менску:

«Бо ў мяне ў пад’ездзе вымерлі ўсе алкаголікі. Застаўся адзін. А было шмат».

«Калі недзе і выпіваюць, то гэта бары, рэстараны, усё культурней стала».

«Я думаю, падаражэла вельмі жыццё, і гэта асноўны козыр».

З аднаго боку ўпалі заробкі, а з іншага – дзяржава патрошку, але рэгулярна падымае планку мінімальных цэнаў на гарэлку і мацаваныя віны. У рэабілітацыйных цэнтрах для алказалежных прызнаюць – калі раней гарачыя лініі прымалі ў сярэднім па 10 званкоў на дзень, то цяпер удвая-утрая менш.

«Культура адпаведная павінная быць. Цяпер дзяржава паварочвае да іншых напояў, прапаганда здаровага ладу жыцця, іншых каштоўнасцяў, мы рухаемся ў правільным кірунку»? – кажа дырэктар рэабілітацыйнага фонду «Фенікс» Аляксандр Прыдвераў.

Хоць колькасць трагічных наступстваў ад спажывання ўсцяж несуцяшальная. Толькі сёлета за першыя 5 месяцаў ад алкагольнага атручання памерла 600 чалавек і здзейснілі 6 тысячаў злачынстваў нападпітку.

Алесь Залеўскі belsat.eu