Ярмошына распавяла пра выбары-2018. Нас чакае рэферэндум?


Не пазней за 18-га лютага 2018 года ды наўрад ці раней за гэты дзень. Цэнтрвыбаркам назваў меркаваную дату правядзення мясцовых выбараў. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, прыкладна ў 20-ых днях кастрычніка ў яе адбудзецца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля якой абвесцяць дату новых выбараў.

«Я думаю, што раней іх не прызначаць у сілу таго, што тады яны супадуць са студэнцкімі вакацыямі. А студэнты ўсе галасуюць па месцы вучобы. Мы будзем прасіць менавіта гэтую дату, бо яна ў гэтым плане ёсць аптымальнай», – зазначыла Лідзія Ярмошына.

Меркаванне АБСЕ будзе ўлічанае

Што да зменаў выбарчага заканадаўства, то Ярмошына, выступаючы сёння ў Палаце прадстаўнікоў, заявіла, што цяпер няма часу прымаць новы Выбарчы кодэкс, а ранейшыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ будуць улічаныя выключна на ўзроўні метадычнай літаратуры.

«Калі і зʼявяцца дэпутаты ў мясцовых саветах, то гэта будзе выключна палітычная рашэнне. Можа, дзясятак, паўтара дзясятка асобаў патрапяць у саветы рознага ўзроўню, раённыя ці сельскія саветы, каб гэта выглядала як нейкі прагрэс у перамовах з заходнімі краінамі», – упэўнены Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду».

Галоўная інтрыга не ў выбарах

А ў тым, ці правядуць разам з імі рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю, пра якія год таму, звяртаючыся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, казаў Аляксандр Лукашэнка. Ідэю кіраўніка дзяржавы падхапіла і Ліберальна-дэмакратычная партыя, якая прапанавала вынесці на агульнарэспубліканскі рэферэндум пытанні аб магчымасці правядзення выбараў паводле партыйных спісаў, а таксама аб падаўжэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў да 7 гадоў.

«Сагнаць людзей на мясцовыя выбары, нават пад соусам нейкага рэферэндуму, выглядае дастаткова цяжка. Рэферэндум, калі ён і будзе ды ў чым я вельмі моцна сумняюся, можа быць спалучаны з больш істотнай кампаніяй – гэта з парламенцкімі ці прэзідэнцкімі выбарамі», мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі ў 2015 годзе

Паводле Лідзіі Ярмошынай, наступныя прэзідэнцкая і парламенцкая кампанія амаль цалкам супадаюць па тэрмінах – выбары прэзідэнта мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020-га, а выбары ў Палату прадстаўнікоў – не пазней за 10 верасня таго ж года. А таму цалкам верагодна, што адная з выбарчых кампаніяў пройдзе значна раней, увосень 2019-га.

Аднак у любым выпадку глабальных сюрпрызаў выбарнікам чакаць наўрад ці варта: Вынікі аніводных прэзідэнцкіх выбараў пасля 1994 году не былі прызнаныя міжнароднаю супольнасцю.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Filippov Alexei / ITAR-TASS / Forum