Якую праўду пра Другую сусветную вайну хаваюць улады Беларусі?


Гукі стрэлаў ды рокат знішчальнікаў дагэтуль сняцца тым, хто браў удзел у вайне. У Еўропе ўрачыстасці з нагоды 72-й гадавіны ўсталявання міру прайшлі на найвышэйшым узроўні. Мемарыялу ў Празе пакланіўся прэмʼер-міністр Богуслаў Собатка. У Парыжы вечны агонь наведалі дзейсны і новаабраны прэзідэнты – Франсуа Алянд і Эманюэль Макрон.

У Беларусі афіцыйныя ўрачыстасці пройдуць 9-га траўня

Сёння ж да магілаў загінулых жаўнераў на Вайсковых могілках у Менску кветкі разам з паплечнікамі ўсклаў Мікола Статкевіч. А да магілы беларуса, які ваяваў сам і апісаў вайну ў сваіх кнігах, прыйшлі і актывісты, і неабыякавыя грамадзяне.

«Прайшло ўжо амаль 14 гадоў з дня смерці Быкава, і прадстаўнікі ўлады не тое што кветкі не ўсклалі, нават не прыйшлі сюды, каб яму аддаць даніну памяці. Забараняюць ягоным іменем вуліцы называць – у Гомлі мы нядаўна змагаліся, каб вярнулі вуліцу, але адмовілі», – распавядае Юрый Лукашэвіч, кіраўнік «Моладзі БНФ».

Васіль Быкаў – не адзіны, каго забылі ўшанаваць

«З гісторыі вайны ў Беларусі выкрасленыя і ваеннапалонныя, усе, хто застаўся на акупаванай тэрыторыі і выжываў у неймаверных умовах», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Сапраўдныя лічбы забітых на вайне пачалі высвятляцца нядаўна

Яшчэ 20 гадоў таму лічылася, што загінуў кожны чацвёрты беларус. Сучасныя гісторыкі кажуць пра кожнага трэцяга. Агулам – да 3-х мільёнаў асобаў. І калі колькасць збольшага праясніліся, то ідэалогія, якая ў Беларусі ўсцяж – савецкая, шмат якія аспекты вайны ад людзей утойвае.

«Вайна ў тым разуменні што цяпер існуе ў беларускай гістарыяграфіі – гэта 10 сталінскіх удараў. Ну «былі некаторыя цяжкасці пачатковых перыядаў вайны». Пасля Масква, Сталінград, але чамусьці не ўказаны ні загад 270, аб тым, што ўсе хто трапіў у палон былі абвешчаныя ворагамі народа, ані загад 227 – «Ні кроку назад», – даводзіць спадар Кузняцоў.

Людзей, якія адчулі савецкія загады на сабе, усё меней. Паводле гісторыкаў, у Беларусі ветэранаў засталося некалькі тысячаў.

Марына Вашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum