Аб'ектыў 30.12.2016 Якія падарункі рыхтуе беларусам урад, а якія – Uber?


Беларусы сябе добра захоўвалі ў 2016-м, таму атрымаюць падарункі таксама і ад камунальнікаў.

Налета ў Менску з’явіцца новы грамадскі транспарт: у першым квартале 2017-га гарадскі аўтобусны парк мае папоўніцца дваццаццю электробусамі. Абяцае ўрад і электратаксоўкі. А вось для гаманцоў беларусаў улады рыхтуюць менш прыемныя сюрпрызы.

З 1-га студзеня павысіцца пенсійны ўзрост. Мужчыны, якія дасягнуць налета 60-цігадовага ўзросту, адпрацуюць дадатковыя паўгода. Жанчыны, адпаведна, выйдуць на пенсію не ў 55 гадоў, як дагэтуль, а ў 55 з паловай. Гэтак жа пачне павялічвацца мінімальны працоўны стаж для атрымання пенсіі. З новага года гэты мінімум складзе 16 гадоў. Эканамісты тлумачаць: неабходнасць гэтага кроку выкліканая ростам беспрацоўя.

«Калі нават сярэдні заробак будзе вельмі высокі, а колькасць працоўных будзе скарачацца, то адначасова будуць скарачацца і адлічэнні ў фонд», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Камунальнікі рыхтуюць пад елку павелічэнне тарыфаў. Амаль удвая падаражэе водазабеспячэнне і тэхнічнае абслугоўванне ліфтаў. Ацяпленне дому і падаграванне вады падаражэюць на 17 %.

«Наколькі яны эканамічна абгрунтаваныя ня ведае ніхто, бо коштаўтварэнне на камунальныя паслугі ў нас не адкрытае – яно нікому невядома, – кажа Марголін. – Больш таго, у нас няма канкурэнцыі».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падарунак, які ён хацеў бы пад ялінку, гэта – павелічэнне сярэдняга заробку беларусаў.

То бок, павелічэнне на траціну ад існага ўзроўню. Заробак з новага года, дарэчы, павышаецца, але толькі мінімальны і толькі на 10 % – да $ 135-ці долараў у эквіваленце. Затое, каб ашчаджаць было прасцей, усе цэннікі ў крамах пачнуць пазначаць кошт прадуктаў за адзінку вагі ці абʼёму.

Дадатковыя падаражэнні чакаюцца ад новых дзяржаўных збораў. Служба замовы таксовак «Убэр» пачне плаціць падатак з дададзенай вартасці. То бок, яе паслугі могуць падаражэць на 20 %. Аналагічны падатак на паслугі мабільнай тэлефоннай сувязі вырасце з існых 20-ці да 25-ці %.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары