Як застрахавацца ад банкруцтва тураператара


Як быць, калі вы купілі пуцёўку ў беларускай турфірмы, але расейскі турыстычны аператар у працэсе банкруцтва і адмяняе ваш адпачынак?

За лета прынамсі 400 беларусаў апынуліся ў такой сітуацыі праз фінансавыя цяжкасці «Натали Турс». У выніку цяжар пакрыцця коштаў турыстаў лёг на плечы айчынных агенцыяў. Але ніхто не застрахаваны, што заўтра не збанкрутуе чарговы аператар, і ўжо тады пойдуць з торбамі і агенцыі.

Гарачыя туры ад расейскага аператара «Натали Турс» – рэкламныя ўлёткі дагэтуль можна пабачыць у сталічных турагенцыях. Але як быць з продажамі?

«З Турцыяй быў канфлікт? Не толькі з Турцыяй, у мінулым годзе, калі сітуацыя адбылася, ніхто туды не паляцеў, у Егіпет, у іншыя кірункі», – кажа дырэктарка адной з турагенцыяў.

«Натали Турс» ануляваў усе туры з ліпеня да канца верасня, сітуацыя закранула каля чатырохсот турыстаў з Беларусі. З-за таго, што ў нашай краіне няма свайго тураператара, такія як гэтая агенцыя працуюць з замежнымі кампаніямі. Умоўны кліент купляе пуцёўку ў Іспанію за $ 2300, з іх толькі $ 60 атрымлівае беларускі агент. Асваенням рэшты сумы займаецца аператар – гэта і чартарныя рэйсы, і гатэль. Вось толькі ў выпадку любога форс-мажора адказнасць перад кліентам нясе не аператар, а… турагент, які заключыў з вамі дамову.

«У нас хатні рынак на самой справе. Таму турагенты наноў купляюць квіткі, гатэль. І цяпер пытанне: што рабіць нашым турегантам? І яны цяпер падаюць калектыўны пазоў да «Натали Турс», – адзначае эксперт у галіне турызму Лілія Кобзік.

Прэтэнзіі агентаў да беларускай дочкі «Натали Турс» могуць сягаць паўмільёна еўраў. Але гэта не першы такі выпадак, і таму сёння турыстычныя арганізацыі Беларусі вырашаюць як працаваць далей, у сітуацыі калі чарговы расейскі аператар збанкрутуе.

Сёння па выніках 2 гадзінаў перамоваў паміж турфірмамі былі зробленыя толькі першыя крокі ў бок развязання праблемы.

«Пакуль што вядзецца размова пра страхаванне рызыкі з боку турыстаў. Страхаваць кожную канкрэтную дамову. Большасць пакуль да гэтага схіляецца», – распавядае дырэктар Саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмейстэр.

А гэта ўсё значыць што хай на пару долараў, але вырастуць кошты на пуцёўкі. У выпадку, калі страхавым беларускім кампаніям такі бізнес будзе цікавы.

А таму ў канцавым выпадку крайнімі і так становяцца турысты. Прынамсі пакуль беларускія турфірмы не прыдумалі як жыць далей, лепей беларусам да кожнага адпачынку ставіцца… як да прыгоды.

Алесь Залеўскі, belsat.eu