Як вярблюды праславілі баранавіцкі футбольны клуб


Чаму зборная Беларусі не даехала да чэмпіянату свету па футболе? Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ў гісторыі з Баранавічаў. Мясцовы футбольны клуб – другі найстарэйшы ў Беларусі. Баранавіцкія футбалісты траплялі ў склад нацыянальных зборных, але гэта аніяк не адбівалася на ўвазе з боку ўладаў і спонсараў. У выніку да справы падключыліся фанаты, якія выступілі з публічнымі зваротам да гораду, каманды і… як аказалася да ўсіх нас. Трэніроўкі побач з вярблюдамі, поле як у вёсцы на выгане ды іншыя атракцыі беларускага экстрэмальнага футбола ў матэрыяле Алеся Залеўскага.

Лідар лігі па наведвальнасці, але аўтсайдар у турнірнай табліцы. Прынамсі «12-ы гулец» Баранавічаў выступае дастойна.

«Напісалі, але пакуль ніякай рэакцыі з боку выканкаму, а гэта пацвярджае нашае апасенне, што нічога добрага не чакае», – кажа ўльтрас ФК «Баранавічы» Максім.

У Беларусі публічныя звароты любых зарганізаваных групаў – гэта рэдкасць. А пікантнасці баранавіцкай гісторыі дадае факт, што мясцовыя заўзятары звяртаюць увагу на праблемы, якія сталі хранічнымі ў цэлым для нацыянальнай спартовай сферы, і футбола ў прыватнасці.

«Адбываюцца такія рэчы, што зімой на футбольным полі могуць заліць каток», – кажа жыхар Баранавічаў Сяргей.

Спадар Сяргей сам былы прафесійны спартовец і ў такім жа духу выхоўвае трох сыноў. Але старэйшы з іх у свае 12 год мусіў пакінуць бацькоўскі дом і пераехаць жыць і займацца футболам у Берасце, дзе працуе дынамаўская акадэмія. Дома нават штучнай травы няма.

«Вось грамадскі туалет. Як вы думаеце, колькі ён каштуе па смеце? Мільён долараў! Дык там унітазы залатыя павінныя быць. А на поле – няма грошай», – адзначае Сяргей.

Але не толькі туалетам ганарацца баранавічане. На пачатку чэрвеня мясцовы стадыён на ўвесь свет праславілі… вярблюды.

Пра гэта на сваёй старонцы паведаміў нават адзін з топавых спартовых каналаў у свеце.

Прычынай аказалася банальнай – каб зарабіць хоць якія грошы на ўтрыманне стадыёна, адміністрацыя прапанавала паслугі выгану для цырку, які акурат быў на гастролях у горадзе.

«Нам кожны год штосьці абяцаюць. Але не стае элементарных рэчаў. Самае галоўнае, няма магчымасці вучыць дзяцей. Я ўжо не кажу пра вяршыню клубу – каманды майстроў», – кажа галоўны трэнер баранавіцкай каманды Іван Крутаў.

У выніку больш за 300 дзяцей з усяго гораду займаюцца на пакрыцці для хакея з мячом. На ім у разы павышаецца рызыка траўмаў каленных суставаў. А ўдзень адначасова адбываецца па шэсць трэніровак, дзе дзяцёнак мае для сябе адзін квадратны метр свабоднай прасторы. Як дапамагчы? Не ведаюць нават самі аўтары крытычнага ліста.

«Спонсарства цяпер не мае сэнсу, таму што элементарна клуб не мае свайго разліковага рахунку. Усе грошы, якія ў клуб ідуць, ідуць у аддзел спорту і турызму, а далей яны размяркоўваюцца паміж усімі відамі», – працягвае ўльтрас Максім.

Няроўнасці і купіны, але роднага поля, таксама асабліва не дапамагаюць камандзе. ФК «Баранавічы» у чарзе на вылет з 1-ай лігі. А значыць, найстарэйшы пасля «Дынама» (Менск) клуб Беларусі наагул можна знікнуць з далягляду прафесійнага спорту.

Затое ў Баранавічах ёсць лядовы палац. І адпаведна, хакейны клуб, які быў заснаваны 10 гадоў таму. Ён моцны серадняк у аматарскай хакейнай лізе гораду Менску.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Mohamed Al Hwaity/ Forum