Як упэўніць Лукашэнку адмяніць падатак на дармаедства?


Не плаціць падатку на дармаедства – ні са скаронаю галаваю, ні з фігаю ў кішэні. Гэтыя словы паўтаралі ўсе ўдзельнікі Грамадскіх слуханняў ад «Гавары праўду», што адбыліся ў Менску. Замест 20-ці базавых за падатак на дармаедства лепей выдаткаваць 1 базавую на судовае абскарджанне справы. «Гаварыпраўдаўцы» плануюць заваліць чыноўнікаў папераю.

Лукашэнка заявіў, што дэкрэтам № 3 не задаволеныя некалькі тысяч грамадзянаў

Паводле кампаніі «Гавары праўду!», гэта тая колькасць афіцыйных зваротаў з боку беларусаў, якую атрымалі дзяржаўныя ўстановы. І ў «Гавары праўду!» абяцаюць змяніць гэтую сітуацыю і бамбаваць зваротамі грамадзянаў адміністрацыі ўсіх узроўняў.

Сярод дзясяткаў тых, хто ўзяў удзел у грамадскіх слуханнях, – Вераніка Хамісевіч, раней працавала ў Акадэміі мастацтваў гукарэжысёркаю. На сход супраць падатку аб сацыяльным утрыманстве прыйшла з дачкою, якую цяпер выхоўвае. Паводле дзяржавы, маладая мама – сацыяльная ўтрыманка.

«Выйшла пасля дэкрэту, заробак быў вельмі сімвалічны – Br 190, толькі на праезд і ежу па-за домам, таму мы з мужам прынялі рашэнне, каб я звольнілася», кажа Вераніка.

«Гавары праўду» заклікае пісаць звароты

Арганізатары Грамадскіх слуханняў абвесцілі, што распачынаюць кампанію ў арганізацыі персанальных зваротаў – ад усіх, каго закранае Дэкрэт № 3, беспасярэдне да кіраўніка краіны, які яго падпісаў. Таксама лідары кампаніі падрыхтавалі адмысловы зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб яны звярнуліся ў Канстытуцыйны суд з прапановаю адмяніць дэкрэт № 3,. І апошняе, у «Гавары праўду!» заклікаюць усіх рэгіянальных актывістаў ды валанцёраў пісаць звароты за адмену дэкрэту ў мясцовыя адміністрацыі. Каб улады бачылі сапраўдную колькасць нязгодных з новым падаткам.

Сацыяльнымі ўтрыманцамі ўлады лічаць прыблізна 400 тысяч беларусаў

Калі дадаць семʼі тых, хто афіцыйна не працуе, атрымліваецца, што Дэкрэт № 3 закранае ледзь не кожнага пятага беларуса. Пры гэтым кожны грамадзянін праз банкаўскія накапленні ці праз звычайныя набыткі ў крамах усё адно бярэ ўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, зазначае старшыня старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла.

Наступныя Грамадскія слуханні адбудуцца 12-га лютага ў Рэчыцы. Арганізатары заклікаюць далучыцца ўсіх, хто мусіць сплаціць падатак памерам 360 рублёў.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»