Як улады знішчаюць палітвязня, які раскрыў праўду пра турмы


Спыніць ціск на праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага! З такім заклікам да ўладаў Беларусі звярнуліся калегі палітвязня. Ён адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі ды зазнае ціск з боку адміністрацыі.

Былы палітвязень Мікола Дзядок не па чутках добра ведае, як у папраўчай калоніі нумар дзевяць абыходзяцца з тымі, каго асудзілі паводле палітычных матываў, ды чым Горацкая калонія адрозніваецца ад іншых установаў такога тыпу.

«Асноўнае адрозненне – гэта тое, што там, у Горках, уся сістэма, дзе не толькі збіццё, не толькі ШЫЗА, але цэлы комплекс працуе супраць непакорнага зэка. Комплекс, адпрацаваны гадамі. Менавіта таму іх адсылаюць увесь час менавіта ў гэтую калонію. Там усё пастаўлена на канвеер», – тлумачыць Дзядок.

Як ціснуць на палітвязня?

На адмысловай прэс-канферэнцыі, якую зладзіла ў Менску праваабарончая ўстанова «Платформа», праваабаронцы паведамілі, што за апошнія чатыры месяцы Міхаіла Жамчужнага спрабавалі паставіць на прафілактычны ўлік як патэнцыйнага экстрэміста, прызналі зацятым парушальнікам рэжыму ўтрымання ў калоніі, прыцягвалі да дысцыплінарных спагнанняў паводле фармальных і надуманых парушэнняў.

З пачатку жніўня яго двойчы змяшчалі ў штрафны ізалятар, у тым ліку за адмову пераходзіць у атрад, сфармаваны з асуджаных з гэтак званым нізкім турэмным статусам.

«Гэта ўсё дэманструе, што на палітзняволенага аказваецца ціск. І гэты ціск аказваецца дзеля таго, каб канчаткова зламаць яго маральна і фізічна. І каб у далейшым прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці па 411-ым артыкуле як злоснае непадпарадкаванне працаўнікам турэмнай адміністрацыі», – даводзіць Андрэй Бандарэнка, праваабаронца, былы палітвязень.

Праваабаронцы ўжо звярнуліся ў Генеральную пракуратуру Беларусі

Прычына – жорсткае абыходжанне з боку адміністрацыі калоніі ў адносінах да Жамчужнага. У планах – накіраваць звароты ў міжнародныя структуры, у тым ліку ў Камітэт правоў чалавека ААН і прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі. Аднак сітуацыя з палітвязням Міхаілам Жамчужным – далёка не выключэнне, а таму пенітэнцыярную сістэму ў Беларусі трэба змяняць цалкам, кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Чаму Жамчужны апынуўся ў турме?

Заснавальніка «Нью Платформ інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага, які збіраў інфармацыю пра ўмовы ўтрымання вязняў у Беларусі, асудзілі ў ліпені 2015-га года на 6 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцу прызналі вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, у незаконным набыцці ды збыце адмысловага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама ў даванні хабару.

Праз тры месяцы тэрмін асуджанаму працягнулі яшчэ на паўгода. Праваабаронцы лічаць Міхаіла Жамчужнага палітычным вязням, які пацярпеў за сваю праваабарончую дзейнасць.

Віталь Бабін, «Белсат»