Як у Беларусі сустракаюць Радаўніцу


Сёння Радаўніца – дзень узгадвання свайго роду і памінання спачылых. У гэтае свята належыць радавацца, бо душы памерлых атрымалі іншае жыццё. Але ці ў стане беларусы радавацца, калі пры наведванні могілак бачаць месцы пахавання тых, хто заўчасна сышоў – праз войны, катастрофы і трагедыі, якіх было багата на нашай зямлі.

Аб’яднаныя пакутаю ляжаць у адной зямлі. Габрэі, беларусы і палякі, латышы і літоўцы, украінцы і расейцы.

«Я запалю свой зніч у памяць пра сем’і Камінскіх, Ціханскіх, Ляховічаў, Ракавых, якія былі расстраляныя, высланыя ў Воршы і іншых гарадах Савецкага саюзу», – кажа даследчык Ігар Станкевіч.

Афіцыйна прызнанае месца сталінскіх рэпрэсіяў – Кабыляцкая гара пад Воршаю. Пахаванне тысячаў расстраляных – цяпер па-за ўвагаю ўладаў.

«У Воршы на самой справе такіх месцаў шмат. Дзе расстрэльвалі. Іх нават не хавалі – гэта не тое слова».

На Радаўніцу сюды прыходзяць прыбіраць мясцовыя актывісты. Памінаюць загінулых сваякі.

«Мой дзядуля, Маркевіч Аляксей Захаравіч. Ён не пайшоў у калгас. Ён быў аднаасобнікам. Як заўсёды – людзі зайздросныя. Напісалі адзін данос, напісалі другі, трэці – забралі. І тут жа, нават месяца не прайшло, у Воршы яго расстралялі. Мама думала, яго ў Сібір саслалі. І ўсё чакалі, чакалі…», – распавядае ўнучка расстралянага Дзіяна Касар.

Малітвы за ўпакой душаў закатаваных.

На памятным месцы правялі службы мясцовы каталіцкі святар і прадстаўнік іўдзейскай грамады. Сваякі расстраляных з вёскі Хамінічы ўсталявалі помнік.

«Мы хочам, дарэчы, збіраць сваякоў. Таму што, калі чалавек прыносіць сюды шыльду ці крыж, ставіць у імя свайго памерлага, забітага продка, значэнне гэтага мемарыялу значна ўзрастае», – кажа Ігар Станкевіч.

У гэты дзень могілкі – не толькі месца жалю, але і месца сустрэчаў:

«Эдзік Сілкін! Гэта ж мой Эдзік Сілкін! Ён мяне шчыпаў у маладосці».

Радаўніца для былых жыхароў адселеных пасля Чарнобыльскай трагедыі вёсак – адзіная на год магчымасць наведаць родныя мясціны.

«Баліць душа за тое, што такая вёска была вялікая. Але не стала яе. І людзі з жалобай прыязджаюць сюды, каб пабываць на сваёй радзіме, на сваёй зямлі», – распавядае былая жыхарка вёскі Барталамееўка.

Вёску Барталамееўка, што ў Веткаўскім раёне, рассялілі ў дзевяностым. Сёння сюды на магілы сваякоў прыехалі больш за сотню чалавек з розных куткоў Беларусі.

«Бацькі мае тут, мама, тата, брат, дзядуля, бабуля. Мяне цягне сюды. Барталамеўка – я тут вырасла».

Радаўніца, ці іначай Вялікдзень мёртвых – не толькі праваслаўнае, але і афіцыйнае дзяржаўнае свята.

Наведнікі могілак кажуць:

«Гэта ўнікальнае свята для ўсёй Еўропы. Напрыклад, у расейцаў няма такога. Гэта абсалютна аўтэнтычнае беларускае свята – пакланенне душам мёртвых».

«Гэта святое для нас. У нас на гэтых могілках амаль усе нашыя сваякі пахаваныя. Тут і бацькі, і дачка старэйшая. Гэта ўсё нашае жыццё».

Агулам у Беларусі – каля трынаццаці тысячаў могілак. Пахаваныя на іх каля трыццаці мільёнаў чалавек. Каля дзвюх трацінаў магілаў цяпер закінутыя.

Лола Бурыева, «Белсат»