Як шклозавод «Ялізава»: зарабіў мільёны долараў з пяску і абанкруціўся


Зарабіць мільёны долараў на тым, што даслоўна валяецца пад нагамі. Такі бізнес – не проста мара, а рэальнасць. Вытворчасць шкла – адная з самых прыбытковых у свеце. Больш за палову сыравіны – гэта пясок, другая значная частка – перапрацаванае шкло, гэтак званы шклабой. Найбуйнейшы ж у Беларусі шклозавод «Ялізава» пры ўсім гэтым здолеў… збанкрутаваць.

ІРЫНА АНАНІЧ, ПРАЦАЎНІЦА ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Яно фактычна адно-адзінае ў Беларусі, якое можа выпускаць такі асартымент шклотары. Гэта проста, не ведаю… загубіць такое прадпрыемства!».

ПЁТР СУХІ, БЫЛЫ НАЧАЛЬНІК ТРАНСПАРТАВАГА ЦЭХУ ЗАВОДУ:

«Пяць цэхаў было і цэх медсасудаў яшчэ быў – шосты. Застаўся 1 адзін цэх. Дзве ліні ў ім працуюць і ўсё».

ВАСІЛЬ БЫЎШАЎ, БЫЛЫ ПРАЦАЎНІК ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Амаль 2 тысячы чалавек працавала, а зараз – 300, кажуць».

Увесну шклозавод абвесцілі банкрутам, але не зачынілі. Бо закрыццё адзінага ў Ялізаве прадпрыемства азначала б і знішчэнне мястэчка.

Але прадпрыемства выстаяла, больш за тое – пачало зарабляць.

ВАДЗІМ СЯНКЕВІЧ, ВЫКАНАЎЧЫ ДЫРЭКТАР ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Мы адпрацавалі 8 мільярдаў стратаў і пачынаючы з ліпеня пачалі зарабляць чысты прыбытак. За ліпень, жнівень і верасень, кастрычнік мы зарабілі 5 млрд чыстага прыбытку. 8 + 5 = фактычна мы зарабілі 13 млрд прыбытку адным цэхам працуючы».

Зарабляе прадпрыемства – зарабляюць і працаўнікі. Тут сярэдні заробак вышэй, чымся ў раёне – больш за 600 рублёў, працаўнікі на печах зарабляюць паўтары тысячы.

МАРЫНА ЛЯШКОВІЧ, БЫЛАЯ ПРАЦАЎНІЦА ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Муж працуе, сёлета заробак 2 разы падымалі. Нашмат лепш».

Сакрэт росквіту просты – прадпрыемства-банкрут не мусіла сплочваць адсоткі па крэдытах «Беларусбанку», якія ў папярэднія гады сягалі больш за 50 адсоткаў. Праз гэта пазыка перад банкам тады вырасла да 396-ці мільярдаў рублёў. Каб пакрыць частку доўгу, паўгода таму завод выставілі на продаж. Кошт – 15 мільёнаў долараў, – фактычна столькі, колькі прадпрыемства можа зарабіць за год. Аднак пакупніка ўсцяж няма.

ВАДЗІМ СЯНКЕВІЧ, ВЫКАНАЎЧЫ ДЫРЭКТАР ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Таргі, калі адбудуцца інвестар аплочвае ўнёсак 5% – 750 тыс долараў і маёмасны комплекс пераходзіць да яго ва ўладанне».

Няўжо ніхто з інвестараў не хоча зарабіць? Зарабіць, можа і хоча, але сядзець – не. Як папярэдні асноўны ўладальнік акцыяў заводу

Аляксандр Мураўёў, які ўжо паўтара года застаецца за кратамі. Яго абвінавачваюць у махлярстве ды нясплаце падаткаў. Бізнесовец меўся ўзняць і іншае беларускае прадпрыемства «Мотавела», аднак не атрымалася. Рабаўнічыя адсоткі па крэдытах, якія для развіцця бяруць прадпрыемствы, – гэта не адзіная прычына заняпаду бізнесу ў Беларусі. Другая – усходнія канкурэнты: сабекошт расейскіх тавараў у разы меншы, бо яны маюць таннейшыя энерганосьбіты.

ВАДЗІМ СЯНКЕВІЧ, ВЫКАНАЎЧЫ ДЫРЭКТАР ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«На дадзены момант у іх кошт газа – 60 долараў па ўказу прэзідэнта з ільготаю – 180, без ільготаў – гэта 280. Інакш кажучы – розніца ў пяць разоў».

Палітыкі нібыта сябруюць, бізнесоўцы пакутуюць: як кажуць шкляры, менавіта з уступленнем у Мытны саюз пачаліся праблемы ў іхным бізнесе. Бо як шкло разбіліся мары беларусаў пра сумленную канкурэнцыю.