Як прапаганда ідэалізуе біяграфію Лукашэнкі


Выдатныя вучні, арганізатары і спартоўцы, дзеці самых клапатлівых бацькоў – такімі дзяржаўныя СМІ малююць біяграфіі постсавецкіх аўтарытарных кіраўнікоў. Рэальнасць часта далёка адыходзіць ад ідэалу.

Выдатны спартовец, паэт, музыкант, прыродны завадатар, які добра ведае нямецкую мову – такі школьны партрэт Аляксандра Лукашэнкі стварыла яго класная кіраўніца. Інтэрв’ю з Вольгай Чуешковай паказаў тэлеканал АНТ.

Вольга Чуешкова, класная кіраўніца Аляксандра Лукашэнкі. распавядае:

«У мяне быў адзін вельмі актыўны вучань, на фоне ўсяго класу ён заўсёды быў лідарам, лідар і завадатар. Усе справы пачыналіся ў нас з Сашы. Саша вучыўся вельмі добра, у яго троек практычна не было ні па адным з прадметаў».

Дзень ведаў 1 верасня Аляксандр Лукашэнка сустрэў у вясковай школе ў Александрыі, у якой некалі пачынаў вучыцца. Цяпер тут – музей.

«А з цябе пытаць будуць асабліва – бо ты сядзіш на маім месцы. Я сядзеў тут», – сказаў кіраўнік краіны.

Праўда, калегі Лукашэнкі, якія памятаюць яго маладым палітыкам, не пагаджаюцца з ідэальнай характарыстыкай, якую малююць яму дзяржаўныя СМІ. Распавядае Анатоль Лябедзька, палітык:

«Нейкія веды ён дэманстраваў, але калі б гэта была выдатная нямецкая мова, то падчас таго, як Ангела Меркель была ў Менску, ён мог бы прадэманстраваць свае веды, паразмаўляць з ёй. Аднак ён звяртаўся да перакладчыка».

Ідэалізацыя біяграфіяў правадыроў – звычайная справа ў аўтарытарных рэжымах, каментуюць эксперты. Доктар паліталогіі Павел Усаў тлумачыць:

«У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце, дзе ён некалі вучыўся, гучала шмат крытыкі ў дачыненні да яго, што быў неадукаваны. Як толькі ўлада Лукашэнкі пачала ўзмацняцца, стваралася аўтарытарная вертыкаль, то змяніўся і падыход да яго біяграфіі. Са слабога троечніка ён раптоўна ператварыўся ў выдатніка».

Не толькі беларускія дзяржаўныя СМІ лакіруюць біяграфію кіраўніка краіны. У дзяржавах Цэнтральнай Азіі выпраўляюць звесткі не толькі пра дзяцінства і маладосць лідара, але і пра яго радавод. Аглядальнік краінаў Цэнтральнай Азіі Ігар Віняўскі распавядае:

«Можна назваць прыклад і памерлага Сапармурата Ніязава. Калі перапісвалася біяграфія яго бацькоў, ствараўся вобраз ідэальнай сямʼі. Выдатным прыкладам зʼяўляецца прэзідэнт Назарбаеў. Створана міфалогія роду, да якога ён належыць».

Прыкметы культу асобы можна заўважыць не толькі ў Цэнтральнай Азіі. Тэлеканал «Россия» будзе штотыдзень паказваць, як Уладзімір Пуцін адпачывае, сустракаецца з таленавітай моладдзю, наведвае вугальныя разрэзы і паралельна вырашае жыллёвыя праблемы сем’яў гарнякоў. Усяму гэтаму Уладзімір Салаўёў прысвячае гадзінную перадачу «Масква, Крэмль, Пуцін».

Ігар Эйдман, сацыёлаг з Берліну, заўважае:

«Пуцін пракіраваў ужо практычна 18 гадоў і дажыў да сівых валасоў. Таму яго аўтаматычна залічваюць да крамлёўскіх небажыхароў, да шэрагу: Сталін, Хрушчоў, Брэжнеў і іншых».

А ці глядзелі б беларусы перадачу, якая б расказвала пра тое, як клапоціцца пра іх Аляксандр Лукашэнка?

Жыхары Менску:

«Думаю, што цікава. І працоўны дзень паглядзець, і тое, што робіцца ў верхніх эшалонах улады».

«Колькі ў нас Лукашэнка ва ўладзе? І тут патрэбна яшчэ нейкую перадачу?»

«Па тэлебачанні мы пастаянна бачым, як ён ходзіць, лае сваіх падначаленых. І яшчэ адну перадачу? Яшчэ грошай патраціць?!»

«Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас Савецкі Саюз». Як расказала журналістам класная кіраўніца Аляксандра Лукашэнкі, менавіта гэтую песню больш за ўсё любіў будучы галава Беларусі. Вось толькі скончыў ён школу ў 1971 годзе, а песня была напісаная толькі ў 1972-м».

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота Sergey Shakhidzhanian/Forum