Аб'ектыў 30.10.2017 Як постсавецкія краіны ўзгадвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Яны былі рэальнымі людзьмі, з рэальнымі лёсамі і планамі. Не забыць імёнаў і твараў тых, хто трапіў пад сталінскі вялікі тэрор – акцыі з такою мэтаў ладзяць у Маскве, Вільні, Варшаве… У Беларусі творчасць расстраляных паэтаў чытаюць на месцах масавага захаранення рэпрэсаваных, кладуць іхныя вершы на музыку. Тэрор прайшоўся не толькі па эліце – 70 адсоткаў рэпрэсаваных у Беларусі – гэта сяляне ды рабочыя, далёкія ад так званай «контррэвалюцыі».

Селянін, інжынер, слесар, паэт, студэнтка – людзі рознага веку, розных прафесіяў – усе яны аднолькава моцна хацелі жыць. Але сталінскі рэжым у адных адабраў дзесяцігоддзі свабоды, у іншых – жыццё.

Праз 80 гадоў пасля вялікага тэрору гэтыя лёсы могуць падацца вельмі далёкімі. Каб імёны ахвяраў рэпрэсіяў не зніклі назаўжды ў глыбіні гісторыі, у гэтыя дні іх зачытваюць у розных гарадах у постсавецкіх краінах. На акцыю памяці на Лубянскае плошчы ў Маскве, на думку апазіцыйных палітыкаў, варта звярнуць увагу і сённяшнім расейскім уладам.

Імёны ахвяраў тэрору ўсіх нацыянальнасцяў узгадвалі і ў Вільні

«У мінулым годзе мы з жонкай ездзілі на акцыю вяртання імёнаў у Варшаву, і тады ўбачылі, наколькі гэта ўвогуле агульны боль», – кажа арганізатар акцыі Міхаіл Варанкоў.

Такі ж шнар сталінскія чысткі пакінулі і ў гісторыі беларусаў

Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Максім Гарэцкі – паводле падлікаў гісторыкаў, 90 % інтэлектуальнай эліты нацыі трапілі ў расстрэльныя спісы.

Радкі з твораў забітых паэтаў мінулаю ноччу гучалі ва ўрочышчы Курапаты каля Менску. Тут, паводле розных ацэнак, былі расстраляныя ад 30-ці да 300 тысячаў чалавек. Гэтае пахаванне ў Беларусі самае маштабнае, але не адзінае. Чалавечыя рэшткі ва ўрочышчы Хайсы каля Віцебску былі знойдзеныя толькі ў 2014-ым годзе.

«Зрабілі тут народны мемарыял, улада да гэтага не спрычынілася. Яны нам не дапамаглі нічым», – распавёў актывіст Ян Дзяржаўцаў.

Пра тое, што гэта ахвяры менавіта сталінскага тэрору, кажуць і жыхары ваколіцаў. Аднак мясцовыя ўлады заяўляюць, што гэтым сведкам было замала гадоў.

«Расстрэльвалі кожную ноч. У лес баяліся хадзіць», – узгадвае мясцовы жыхар Аляксей Нікіцін.

Афіцыйнага дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі няма

Хоць паводле афіцыйнай статыстыкі імі сталі прынамсі 600 тысячаў чалавек. Штогод 29-га кастрычніка да сценаў КДБ, які ў Беларусі захаваў як назву, гэтак і будынак, прыходзяць актывісты. Каб імёны тых, каму пусцілі кулю ў патыліцу ў турме ці ў лесе, не былі забытыя.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары