Як перажыць спёку. Народныя парады і меркаванне лекара


Хтосьці пакутуе, хтосьці атрымлівае задавальненне. У Беларусі з прычыны спёкі абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі. Надзвычай гарачае надвор’е захаваецца і ў найбліжэйшыя дні.

Асабліва цяжка тым, каму даводзіцца працаваць пад сонцам. З павелічэннем тэмпературы паветра вышэй за 25 градусаў людзі пачынаюць адчуваць зніжэнне ўвагі ды працаздольнасці, павышаную санлівасць.

Кожны год у Беларусі становіцца цяплейшы за папярэдні. Сёлета першыя месяцы лета не сталі выключэннем, паводле дакладу Белгідрамету, сярэднямесячная тэмпература паветра ў чэрвені была на 1–2 градусы вышэйшая за норму. Але на павелічэнне дзённага адпачынку ў спёку ды пераносу працоўных гадзінаў на больш позні час, як гэта робяць у Паўднёвых краінах Еўропы, мала хто згодны.

Найбольш адчувальныя да цяпла гіпертонікі, дзеці ды пажылыя людзі. У 30-градусную спёку ўзнікае рызыка перагрэву арганізма. Пакутуе сардэчна-судзінная сістэма, павышаецца ціск, цярпяць ныркі і суставы, узнікае рызыка тромбаўтварэння.

«Таксама ёсць некаторыя групы пацыентаў, якім трэба падумаць пра тыя лекі, якія яны прымаюць. Напрыклад, людзі з дыябетам, якія ўжываюць інсулін, варта памятаць, што інсулін пры тэмпературы, вышэйшай за 30 градусаў, не працуе», – нагадвае кандыдат медычных навук Андрэй Вітушка.

Каб перажыць спёку, лекары раяць скараціць час перабывання на дварэ, шмат піць звычайнай чыстай вады, есці садавіну-гародніну, паменш ужываць вострай і салодкай ежы, хавацца ад сонца, насіць галаўныя ўборы, акуляры. Калі ў вас з’явілася слабасць, галаўны боль, дрыжыкі, млоснасць – лепш звярнуцца да лекараў. Магчыма, гэта – цеплавы ўдар, які небяспечны для жыцця.

Вольга Чайчыц