Як пакутуюць жыхары дому №16 у Жлобіне


Жыхары дому нумар шаснаццаць сямнаццатага мікрараёну Жлобіна не першы год пакутуюць ад аварыйнага стану іхнага будынку. Падчас апошняй моцнай залевы з даху ліло як з цэбра. Тазікі, вёдры, плыні вады ў кватэрах і калідорах – такія наступствы бедства, віна якому – няспраўная водаадводная сістэма даху.

«Вунь, дзе стаяк адтуль струмень ліў. Такое ўражаненне, што хтосьці стаяў і з вядра ліў. Плынь была такая, што калі не закрыў бы тую дзіру, то скрыня бы звалілася б», – распавядае жыхар дому Дзмітрый Пархомік.

Цяпер жыхары, з роспаччу ўзгадваючы падзеі ночы падчас залевы, змагаюцца з наступствамі.

«Гэты стык паласой л’ецца вада па ўсім сценам, пад лампачкай. Пад лампачкай вада цёплая была як душ гарачы».

І шукаюць дапамогі ад тых, хто адказны за стан іхнага будынку. Але ці дапамогуць?

«Там страхавы выпадак, застрахаваныя кватэры. Калі мы вінаватыя мы таксама робім рамонт. Ставім на чаргу і робім рамонт сваімі сіламі», – кажа начальніца ЖЭУ № 2 у Жлобіне Наталля Савіцкая.

Але тое, што жыхары, якіх залівае не першы раз, застрахавалі сваю маёмасць – заслуга чыноўнікаў?

«Пасля таго выпадку мы застрахавалі ад усіх выпадкаў: ад грабяжу, і ад патопу, і ад пажару, каб быць больш спакойным. Бо выкінь мэблю і куды зараз, дзе ўзяць тых 10 млн грошай, каб набыць гэтую кухню», – распавядае жыхар дому Дзмітрый Пархомік.

Але ці толькі страхавая кампанія мусіць займацца такімі выпадкамі? Жыхары дому спраўна штомесяц плоцяць за капітальны рамонт і тэхнічны агляд сваёй маёмасці. А дом на рамонт гэтак і не паставілі, нават пасля такога.

«Трэба, каб жыхары дамоў мелі самакіраванне, самі вызначалі на што канкрэтна павінны ісці іх сродкі. Не ў выканкаме ці ў адміністрацыі раёна вырашалі што можна, а што нельга, а самі жыхары дамоў вырашалі», – адзначае намеснік кіраўніка АГП Васіль Палякоў.

А пакуль за жыхароў праблемнага дому пастанаўляюць працаўнікі ЖЭУ: замест рамонту даху яны вырашылі… уцяпліць першы паверх.

«Праблемныя кватэры паставілі на ўлік, зараз будзем уцяпляць поўнасцю першы паверх. Паступова можа быць і далей», – заявіла начальніца ЖЭУ №2 у Жлобіне Наталля Савіцкая.

Усяго ў праблемным доме 9 паверхаў, да наступнае залевы камунальнікі могуць і не паспець дайсці да даху.

 

Наста Ільіна, belsat.eu