Як падымаюць Аршанскі раён на загад Лукашэнкі


Адміністратыўная мадэрнізацыя. Аршанскаму мясакансерваваму камбінату на бюджэтныя грошы правядуць маштабную рэканструкцыю і пабудуюць новы цэх.

Мерапрыемствы запланаваныя ў рамках маштабнай праграмы па дзяржаўных укладаннях у Аршанскі раён. Адпаведнае распараджэнне Аляксандр Лукашэнка агучыў у траўні, загадаўшы, паводле яго слоў, падняць Аршанскі раён з руінаў ды попелу.

Найвялікшая агучаная сума $ 60 млн

Грошы маюць пайсці на мадэрнізацыю Аршанскага Інструментальнага заводу. Штопраўда, паводле тэлеканалу СТВ, завод ужо мадэрнізавалі 4 гады таму. Летась, аднак, ён абвясціў дэфолт па сваіх абавязаннях і цяпер зноў просіць бюджэтных грошай.

Падобныя абяцанні гучалі ў 2015-ым годзе на аршанскім ільнокамбінаце. На кітайскі крэдыт на ім пабудавалі дадатковы цэх, куды паставілі кітайскае абсталяванне, на якім працуюць кітайскія рабочыя. Зараз завод, аднак, пераведзены на чатырохдзёнку – з-за недахопу збыту і грошай на закупку сыравіны.

Яшчэ адзін прыклад – завод Легмаш

«На ім працавала 8 тысяч чалавек. Цяпер на заводзе 500 чалавек. Што выпускае – ніхто не ведае», – падзяліўся інфармацыяй Гар Грышанаў, апазіцыйны актывіст з Воршы.

На тэрыторыі Легмашу працуе яшчэ адно прадпрыемства, якое пабудавала там уласны завод па вытворчасці гідраўлічных трубаў. Прыватнае прадпрыемства працуе ў тры змены. То бок – кругласутачна. Дзяржаўны ж Легмаш, які цяпер вырабляе дэталі для БМЗ, на мінулым тыдні пачаў распрадаваць на металалом сваё абсталяванне.

Беспрацоўе ў Воршы – адно з найвышэйшых у краіне

Аляксандр Лукашэнка, аднак, па-ранейшаму бачыць шлях не ў прыватызацыі, а ў мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і абяцае, што жыхары адчуюць вынікі ўжо сёлета.

Дарэчы, кіраўніком Аршанскага раёну, якога Лукашэнка прызначыў туды для выканання кампаніі аднаўлення, ужо праз 2 тыдні пасля ўступлення на пасаду, зацікавіліся следчыя органы.

Штопраўда, кіраўнік краіны загадаў ім адступіцца, матывуючы гэта не тым, што чыноўнік – невінаваты, а тым, што ён – чалавек прэзідэнта.

Станіслаў Івашкевіч, Менск