Аб'ектыў 15.02.2017 Як міліцыя пакрывае гвалт «русского мира»


Удзельнікі прарасейскага пікету ў цэнтры Менску, які адбыўся яшчэ 4 лютага, дагэтуль не пакараныя. Хоць пікет і быў несанкцыянаваны, міліцыя не спыніла яго, дый склала пратаколы толькі на двух з шасці ўдзельнікаў. Зусім не так, як з апазіцыйнымі пікетамі. Адкуль такія падвойныя стандарты адносна прыхільнікаў «русского міра»? Вашай увазе – адмысловае расследаванне Яраслава Сцешыка.

Пытанне ў агрэсіўнасці

На пачатку лютага на менскай плошчы Незалежнасці сабралася 6 прыхільнікаў «русского мира». Яны заклікалі расейскіх спартоўцаў выступаць пад чырвона-зялёным сцягам і лаялі Еўразвяз і чамусьці Швейцарыю. Арганізатар – удзельнік расейскага «Нацыянальна-вызвольчага руху» НОД Уладзімір Рыжанкоў, назваў гэта «Масавым пікетам». Масавасці няма, але пагроза тут не ў колькасці.

«Пытанне ў агрэсіўнасці. Адзін з гэтых людзей – былы асуджаны за бойкі, і ён якраз можа рабіць нейкія канфлікты, якія выгодна будзе асвятляць расейская прэса», – тлумачыць Эдуард Пальчыс, блогер і былы палітвязень.

Аляксей Галавін, вядомы аматар пабіцца

Галавін жыве ў Менску на вуліцы Голубева. Паводле інтэрнаўтаў, раней асуджаны за махлярства. Удзельнічае ў правакацыях на акцыях апазіцыі, ходзіць да беларускіх казакаў на ваенныя гульні, дзе дзяцей вучаць страляць і ўзрываць. Пад псеўданімам «Шахид Безмятежный» у інтэрнэце Галавін агітуе за Пуціна і Наваросію, а заадно і шукае нагоды пабіцца.

Мянчук Аляксандр (прозвішча мы не называем па просьбе суразмоўцы – рэд.) пазнаў «рускамірца» на пікеце, але ведае яго зусім не з палітычных прычынаў. Тры гады таму ён уступіўся за гонар дамы, якую Галавін пераследаваў і ў інтэрнэце, і на месцы працы. Спрэчкі перараслі ў пагрозы з боку Галавіна.

Дамовіліся сустрэцца і паразмаўляць па-мужчынску

Але Галавін прыйшоў з касцетам ці чымсьці падобным.

«Ён на мяне кінуўся, я паспрабаваў залезці ў машыну, ён працягваў наносіць удары па галаве. Засталіся шрамы невялікія, заўважныя дагэтуль. Мне ўдалося нагой ударыць, ён адскочыў», – узгадвае пацярпелы Аляксандр.

Парэзаў на галаве было столькі, што «хуткая дапамога» выклікала міліцыю

У Гарадскім аддзеле міліцыі № 1 распачалі следства, але крымінальную справу перавялі ў адміністратыўную і, што называецца, спусцілі на тармазах. У падобную інтэрнэт-гісторыю з тролем Галавіным трапіў летась і Зміцер Сакалоў. Ён таксама пагадзіўся на сустрэчу з Галавіным і размову “па-мужчынску” ў рэальным жыцці.

«Я прыехаў адзін, там іх было два. Распачалася бойка, мне давялося біцца з дзьвума. Падчас бойкі я крыху пашкодзіў… нанёс невялікія цялесныя пашкоджанні Галавіну. Калі нас міліцыя ўзяла, то на мяне хацелі завесці крымінальную справу», – тлумачыць удзельнік бойкі.

Галавін мае сувязі ў міліцыі

У абодвух выпадках Галавін меў больш інфармацыі аб хадзе справы, чым мусіць мець удзельнік бойкі, і хваліўся сувязямі ў міліцыі. Паводле Аляксандра, пазней Галавін з пачуццем поўнай беспакаранасці тэлефанаваў іншым людзям, і нават пагражаў забойствам.

Пакуль Лукашэнка душыў апазіцыю, пад бокам вырасла сапраўдная пятая калона

І ў пралукашэнкаўскай партыі «Белая Русь», і ў войску, і ў сілавых структурах акапаліся прыхільнікі «русского міра» – зусім як ва Украіне перад анексіяй Крыму. «Рускамірцы» не прызнаюць Беларусі, незалежнай ад Масквы. Яны ездзяць ваяваць на Данбас і вучаць ваяваць беларускіх дзяцей. Яны не супраць далучэння Беларусі да Расеі ваенным шляхам. А ці гатовыя беларусы супрацьстаяць такому сцэнару?

Яраслаў Сцешык, «Белсат», Менск, фота: kazak.by

Глядзі таксама
Каментары