Як міліцыя абараняе сваіх супрацоўнікаў, якія здзекуюцца над беларусамі


Кіраўнік беларускай міліцыі летась у сакавіку бараніў сваіх падначаленых, і было ад чаго. Усё часцей міліцыянты трапляюць у скандальныя сітуацыі.

«Закруцілі мне рукі, сілай зацягнулі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Спартовай і там жорстка збілі», – узгадвае пацярпелы Павел Камінскі.

Як цвердзіць Павел, у святочны дзень, 3 ліпеня, ён з сябрам завітаў у бар. Аднак толькі паспелі замовіць піва, як у памяшканне зайшлі двое ўчастковых Ленінскага РУУС Берасця Капуза ды Ігнацюк.

Без тлумачэння прычынаў Паўла жорстка затрымалі

«Уначы з 3 на 4 мне патэлефанаваў сын і сказаў: мама, я ў міліцыі, яны мяне збілі. Калі ласка прыедзь, а то яны абяцаюць мяне забіць. Я баюся!» Я паехала, і ўбачыла, што твар ягоны быў павялічаны ўдвая. З вачэй слёзы, ён плакаў і кажа: мама я нічога не бачу», – распавядае Людміла Камінская, маці Паўла.

Адкуль такая жорсткасць?

Сам Павел тлумачыць: яшчэ ў красавіку ён напісаў скаргу ў пракуратуру на іншага ўчастковага, Усціновіча, быццам за неправамернае затрыманне. Тады кіраўніцтва МУС стала на бок Паўла, і да міліцыянта ўжылі дысцыплінарнае пакаранне. Гэта і магло стаць прычынаю агрэсіі міліцыянтаў.

«Участковыя Капуза і Ігнацюк, якія непасрэдная мяне збівалі, гэтак і сказалі, што гэта помста за іншага ўчастковага Усціновіча Паўла Аляксандравіча», – сведчыць пацярпелы Павел Камінскі.

Медыкі падцьвердзілі, следчыя заплюшчылі вочы

Факт прысутнасці на целе Паўла Камінскага шматлікіх пабояў афіцыйна пацверджаны дактарамі Берасцейскага гарадскога шпіталю хуткай медычнай дапамогі, куды збіты мужчына звярнуўся па дапамогу на наступны дзень пасля інцыдэнту ў аддзяленні міліцыі.

Ёсць нават бальнічны ліст, выпісаны з прычыны непрацаздольнасці пасля траўмаў.

Аднак ні мясцовае кіраўніцтва міліцыі, ні нават Следчы камітэт не знайшлі прычынаў распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, ды нават не адхілялі іх ад выканання абавязкаў на час разбіральніцтва.

«І Іван Іванавіч Капуза, і Сяргей Пятровіч Ігнацюк працягваюць несці службу ў тым жа апорным пункце міліцыі Ленінскага РУУС», – зазначае спадар Камінскі.

Бароняць сваіх і ў Менску

Сёння прадстаўнік сталічных міліцыянтаў Аляксандр Ластоўскі запэўніваў, што працаўнік, які ў навагоднюю ноч цяжка параніў з табельнай зброі жыхара сталіцы, толькі абараняўся ад агрэсіўнага маладзёна.

«Мужчына нечакана нанёс удар нагой у грудзі міліцыянту, пасля чаго той адляцеў да сцяны і вельмі моцна пабіўся галавою. Затым мужчына кінуўся на міліцыянта і пачаў наносіць удары нагамі і рукамі. Вельмі моцна збітаму міліцыянту прыйшлося выстраліць два разы ў нападніка», – даводзіў Аляксандр Ластоўскі, прадстаўнік менскай міліцыі.

Біць дзяцей становіцца традыцыяй

Варта згадаць, што менавіта самаабаронаю сталічныя АМАПаўцы ў канцы верасня тлумачылі збіццё 17-гадовага Аляксандра Харута. Якога пасля яшчэ і асудзілі на два гады »хатняй хіміі« быццам за гвалт у дачыненні праваахоўнікаў.

Не далі хады далікатнай справе і ў Століне. Там мясцовы інспектар падазраваўся ў нанясенні некалькіх удараў па галаве і целе 9-гадоваму Уладу Палхоўскаму. Магчыма, і тады міліцыянт бараніўся?

Юрый Салодкі, «Белсат», фота: naviny.by