Як мастак Юзаф Чапскі правёў дзяцінства ў Беларусі


Ён шмат пісаў пры жыцці, аднак не часта меў магчымасць выстаўляцца. Цяпер экспазіцыя, прысвечаная мастаку Юзафу Чапскаму, што адкрылася ў Варшаве, сабрала больш за 120 ягоных працаў з прыватных калекцыяў.

Выпускнік Кракаўскай акадэміі выяўленчых мастацтваў Юзаф Чапскі вырас пад Менскам, што ў той час быў у складзе Расейскай імперыі. Большасць жа выставаў, зарганізаваных з удзелам аўтара, адбылася пераважна ў Парыжы.

Ва Францыі Юзаф Чапскі пасяліўся пасля Другой сусветнай вайны

Каб бліжэй пазнаёміць публіку з творчасцю Юзафа Чапскага, у гарадах Польшчы, Францыі, а таксама ў Пецярбурзе ў гонар мастака штогод ладзяць выставы, сустрэчы ды дыскусіі. У Беларусі ж захаванне памяці пра Юзафа Чапскага не мае шырокага дзяржаўнага падтрымання і пераважна ініцыюецца людзьмі, якім цікавая гісторыя.

Інэса Кароль прысвяціла даследаванню сям’і Чапскіх амаль 20 гадоў.

«У Беларусі ягоны родны дом, дзе сямёра дзяцей выраслі, дзе ён быў шчаслівы, дзе па наваколлях яны хадзілі, бегалі. Тут у іх былі корты, тут было ў іх шмат нянек, гувернёраў, гувернантак. І было шчаслівае дзяцінства ў Юзафа», – распавядае Інэса.

Тутэйшыя землі пад Менскам набываў граф Эмерык Гутэн-Чапскі

Частку з іх ён падзяліў паміж сваймі сынамі. Станькава дасталася старэйшаму сыну – Каралю Чапскаму, які быў мэрам Менску 11 гадоў. Прылукі ж належалі малодшаму сыну, Юрыю Чапскаму. Тут і прайшло дзяцінства ягонага сына Юзафа, які нарадзіўся напрыканцыXIX стагоддзя, у 1896-м, і жыў амаль стагоддзе – да 1993 года. Аднак апошні раз Юзаф Чапскі бачыў родны дом напрыканцы Першай сусветнай.

«Кінуў свой полк, кінуў зброю і прыбег у свой родны дом. Убачыў, што тут нікога няма, дом захаваўся, усё было ў парадку, толькі мэбля і рэчы былі складзеныя ў некалькіх пакоях, і яны ахоўваліся. Пасля гэтага Юзаф Чапскі ў Прылуках не быў», – кажа Інэса Кароль.

Маёнтак перажыў розны час

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі палац ператварылі ў санаторый. Падчас Другой сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі будынак як рэзідэнцыю, якая ў выніку згарэла. За савецкім часам палацава-паркавы комплекс аднавіла Менская вопытная станцыя каларадскага жука. І ў наш час палац гэтак і не стаў турыстычным аб’ектам, прысвечаным вядомаму мастаку.

Пра тое, што ў гэтых мясцінах прайшло дзяцінства Юзафа Чапскага, нагадвае невялікая экспазіцыя ўнутры будынку. Цяпер жа ў сямейным палацы Чапскіх месціцца Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслінаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»