Як Лукашэнку і расейскіх алігархаў абʼядналі турэцкія таматы


Збіццё Турцыяй расейскага бамбавальніка двухгадовай даўніны Масква ўспрыняла, як удар у спіну, пасля чаго ўвяла гандлёвыя абмежаванні і забараніла сваім грамадзянам наведваць турэцкія курорты. Анкара тлумачыла, што проста бараніла сваю паветраную прастору.

Афіцыйны Менск пабачыў тут магчымасці для бізнесу

«Усе гэтыя расейска-беларускія адносіны ў галіне экспарту-імпарту набылі такі пачварны і збачэнскі характар, бо ў нас няма нармальнай мяжы – няма нармальных прававых адносінаў паміж двума дзяржавамі. Вось і ўсё – прычына ўсіх праблемаў, бактэрыяў у нашым мясе і налепак на невядома якіх памідорах», – упэўнены эканаміст Міхал Залескі.

Як вынікае са звестак турэцкага Інстытуту статыстыкі, нашая краіна толькі ў сакавіку закупіла мясцовых таматаў амаль на $ 18 млн. Прыкладна столькі Беларусь купіла турэцкіх памідораў за ўвесь першы квартал мінулага года. «Ізвесція» не сумняюцца, што турэцкія таматы хутка рушаць у Расею з ужо беларускімі сертыфікатамі.

Чаму Расея не спыняе беларускую прапаганду?

Паводле Алеся Лагвінца, паколькі Менск саступіў у стратэгічным нафтагазавым пытанні на пачатку красавіка, то цяпер Крэмль дазволіць беларускім уладам зарабіць на санкцыйных прадуктах. Але ці так гэта дрэнна, што Беларусь нажываецца на санкцыях, якія Масква ўвяла ня толькі супраць Анкары, але і супраць уласных грамадзянаў, што ня могуць купіць турэцкія памідоры?

Мы запыталі жыхароў Менску

«У прынцыпе гэта здорава, калі робяцца штучныя перашкоды, значыць павінныя быць шляхі іх абыходу».

«Дапамагчы братняму народу, каб яны не засталіся без турэцкіх памідораў».

«Мне падаецца гэта шчырае жаданне дапамагчы. Нічога тут не бачу дрэннага».

– мяркуюць жыхары беларускай сталіцы.

Таматная афера можа прыпыніцца ўжо ў хуткім часе

Напярэдадні прэзідэнты Расеі ды Турцыі заявілі пра жаданне закрыць усе спрэчныя пытанні ў гандлёвай галіне. «Па гэтаму віду тавараў абмежаванні пакуль будуць заставацца», – падкрэсліў Пуцін. То бок час зарабіць на санкцыйнай прадукцыі яшчэ ёсць.

Сваоеасаблівы рээкспарт на руку не толькі Менску

»У гэтым удзельнічаюць пэўныя расейскія партнёры Лукашэнкі, магчыма частка алігархаў блізкіх да Пуціна з гэтага таксама карыстаюцца, бо інакш гэта немагчыма. У Расеі гэтак робіцца бізнес. Беларускія фірмы не маюць такую магутную схему дыстрыбуцыі і не могуць самыя ўсё пастаўляць на расейскі рынак«, – даводзіць спадар Лагвінец.

У найгоршым для ўдзельнікаў гэтай схемы выпадку, калі Пуцін з Эрдаганам у хуткім часе дамовяцца і па таматах, тое будзе азначаць толькі зʼяўленне на беларускіх травеньскіх паліцах спелых сонечных памідораў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: cikxxx.blogspot.com