Аб'ектыў 15.05.2017 Як Лукашэнка развальваў беларускі спорт


Праз некалькі гадоў пасля таго, як ён упершыню заняў найвышэйшую пасаду ў краіне, Аляксандр Лукашэнка пастанавіў узяць на сябе яшчэ адзін абавязак і ўзначаліў Нацыянальны алімпійскі камітэт. Прэзідэнтам НАКу ён застаецца на працягу двух дзесяцігоддзяў. Такое спалучэнне пасадаў, за выняткам туркменскага калегі Лукашэнкі, – унікальны ў свеце выпадак.

За апошнія два дзесяцігоддзі ў беларускім спорце з’яўляліся яркія зоркі: у плаванні, біятлоне, фрыстайле.

Цяжка назваць гэта сістэмным поспехам

Апошняя летняя алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра была самай няўдалай у гісторыі Беларусі – усяго адзін залаты медаль і ажно саракавое месца ў медальным заліку. Пра неабходнасць зменаў у сістэме кіравання беларускім спортам, відаць, задумаліся і на самым версе.

«Зараз Лукашэнка фактычна сам разбурае ўласную» ўнікальную» спартыўную мадэль, калі на чале спартовых федэрацыяў стаялі розныя чыноўнікі ды сілавікі. Цяпер гэтая практыка ўжо амаль названая не найлепшай, далікатна кажучы», – звяртае ўвагу Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар выдання «Салідарнасць».

Неўзабаве пасады пачнуць займаць прафесійныя спартоўцы

Але ці дадуць плён гэтыя адміністрацыйныя змены? Спартовы аглядальнік Аляксандр Пуціла мяркуе, што паўсюдны кантроль дзяржавы над спортам перашкаджае яму развівацца.

«З Лукашэнкам усё ўзгаджаецца, з той вертыкаллю, якую стварыў Лукашэнка, праз Міністэрства спорту, НАК, і ў нас усё ж такі савецкая сістэма кіравання спортам, калі трэба выпрошваць грошы, выпрошваць паездкі на розныя турніры. То бок спорт і палітыка павінныя быць асобна, я ўпэўнены, што карысці гэта не прынесла», – мяркуе спадар Аляксандр.

А вось каму не трэба выпрошваць грошы, дык гэта хакеістам

Менавіта ў гэты від спорту, які так любіць Аляксандр Лукашэнка, укладаецца найбольш сродкаў і высілкаў. Але на сёлетнім чэмпіянаце свету ў Францыі Беларусь ледзь-ледзь утрымалася ў элітным дывізіёне, з 5 гульняў – чатыры паразы.

Але калісьці ж умелі перамагаць!

Журналіст Аляксандр Старыкевіч узгадвае паездку на чэмпіянат свету па хакеі ў 1998 годзе ў Швейцарыі. Тады Беларусь упершыню гуляла ў эліце і, на думку Аляксандра Старыкевіча, значна лепш, чымся цяпер.

«Праблема ў тым, што аднымі каткамі праблема не вырашаецца. Набудаваць іх можна безліч, але калі не будзе адпаведных укладанняў у сістэму дзіцячых трэнераў, школаў, падрыхтоўкі хакеістаў ад самага маленства, то ўсе гэтыя выдаткі будуць амаль бессэнсоўнымі»,– тлумачыць журналіст.

Аналітыкі кажуць, што айчыннаму спорту трэба больш самастойнасці і адначасова кантролю менавіта спартовых адмыслоўцаў, а не чыноўнікаў-аматараў. Няхай і самага высокага рангу.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: TASS

Глядзі таксама
Каментары