Кітайскі прэпарат выпрабоўваюць на беларускіх дзецях?


Ва ўсёй Беларусі дзецям, хворым на дыябет першага тыпу, дактары прымусова сталі змяняць схему лячэння з арыгінальнага нямецкага інсуліну «Лантус» на новы беларускі біяаналаг «Гларгін». Прэпарат зроблены ў Кітаі, але перапакаваны на «Белмедпрэпаратах».

«Лантус прайшоў праверку гадамі, а «Гларгін» быў правераны толькі шэсць месяцаў на людзях, якія хварэюць дыябетам другога тыпу. Яны калолі яго раз на дзень. Яны калолі яго кароткі час, і цяпер гэты інсулін прымусова прызначаюць нашым дзецям», – б’е ў званы Лідзія Карцава, маці хворага дзіцяці.

Чаму прэпарат нельга выкарыстоўваць дзецям?

Ён не прайшоў дастатковых даследаванняў, яго бяспека і эфектыўнасць не пацверджаныя, звесткі пра яго клінічнае ўжыванне адсутнічаюць.

«Даследаванні на дзецях забаронены ва ўсім свеце. У нас, не кажучы, што гэта даследаванне, але фактычна – гэта даследаванне. Інсулін правяраюць на нашых дзецях», – турбуецца спадарыня Лідзія.

Цукразніжальны эфект маюць усе прэпараты інсуліну, але ніхто не ведае, якой будзе тэрапеўтычная эфектыўнасць ад «Гларгіну», успрыманне прэпарату ды індывідуальная адчувальнасць, стабільнасць цукразніжальнага дзеяння.

Бацькі хворых дзяцей пачалі збіраць подпісы

Пад лістом да міністра аховы здароўя, з просьбай спыніць эксперымент і выкарыстанне прэпарата можа падпісацца кожны.

«Збіраем подпісы, і збяром – усю Беларусь. Усе бацькі ў курсе. Падпісаць наш ліст хочуць усе… (плача) Як можна гэта не разумець, я не ведаю», – абураецца Алена Ластоўская, маці дзяўчынкі з цукроўкай.

Дыяна са Слоніму хварэе на дыябет з 2012 года. Яе хвароба ўскладняецца тым, што ў дзяўчынкі алергія на ўсе віды інсуліну доўгага дзеяння. Таму дзяржава яе забяспечвала помпай, якая па меры неабходнасці ўводзіць невялікую дозу кароткага інсуліну, без гэтага дзяўчына не можа жыць.

Ад сям’і патрабуюць, каб яны праверылі на сабе новы «Гларгін»

«Мне пісьмова папрасілі даць маю згоду на тое, што яны будуць правяраць ці ёсць алергія. Я адмовілася. І мне потым было адмоўлена ў даведцы, што майму дзіцяці неабходна помпавая інсулінатэрапія», – сведчыць спадарыня Людміла.

Пасля адмовы медыкі патрабуюць, каб сям’я вярнула помпу да 5-га чэрвеня. І кажуць, што на гэтую помпу ўжо ёсць іншыя хворыя.

«У нас толькі кароткія інсуліны, на даўгія даказана алергія, тэставы я баюся калоць, так як яны самі не разумеюць, якія могуць быць наступствы. Калі забяруць помпу, я нават сёння казала, а што мне замест помпы ёй калоць? Вось як ёй жыць?», – даводзіць Людміла.

Медыкаў праблема не хвалюе

Адказнасць за здароўе Дыяны цяпер будзе ляжаць на маці, бо ў медыкаў ёсць афіцыйная папера з адмовай ад прапанаванага імі лячэння новым прэпаратам «Гларгін».

Вольга Чайчыц, «Белсат», фота: Shen Hong / Zuma Press / Forum