Як кіраўніцтва вакзалу ў Берасці нажываецца на ўцекачах-небараках з Каўказу


Кіраваліся ў Еўразвяз па лепшае жыццё, але захраслі на ягонай мяжы ў беларускім Берасці. Вялікая колькасць каўказцаў з Расеі, фактычна, жыве на мясцовым вакзале. Без нармальнай ежы, без элементарнай гігіены. А замест хоць нейкае дапамогі ад мясцовых уладаў, на ўцекачах яшчэ спрабуюць і зарабіць.

Захраслі на вакзале і ў балоце беларускай «гасціннасці»

Паводле розных падлікаў, у Берасці можа быць да трох тысяч выхадцаў з расейскага Каўказу. Усе яны хочуць трапіць у Еўразвяз як уцекачы. Аднак польскія памежныя службы прапускаюць толькі некалькі семʼяў на содні. У шмат каго з тых, хто дзень за днём вяртаецца з мяжы ў Берасце, няма грошай на арэнду жытла, таму начуюць наўпрост на вакзале.

«Я пайшла ўмылася, падзякавала, а яна… «А хто плаціць будзе за ваду?»»

Паводле жанчыны-уцякачкі, якая баючыся помсты не паказвае твару і не называе свайго імя, умовы на вакзале цяжка назваць чалавечымі. Кіпню на гарбату ці суп працаўнікі вакзалу не даюць. Калі хочаш, то набывай паводле кошту за гатовую каву ці гарбату ў прывакзальным бары. Прыбіральня таксама платная. У такой сітуацыі шмат што залежыць ад асабістага стаўлення працаўнікоў вакзалу.

«Я пайшла ўмылася, падзякавала, а яна… » Што? А хто плаціць будзе за ваду? «Я ёй кажу: за што? За тое што я ўмылася? Так яна кажа гэта платна», – распавядае ўцякачка з Інгушэціі.

Каб зарабіць пабольш, адключылі электрычнасць у разетках

Жаданне зарабіць на хвалі ўцекачоў з Каўказу, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, прывяло да таго, што кіраўніцтва вакзалу загадала адключыць нават электрычнасць у разетках. Цяпер, нават калі прыйдзеш выпіць гарбаты ў вакзальны буфет і хочаш там наладаваць тэлефон, мусіш заплаціць як за асобную паслугу.

«Тэлефон зарадзіць гэта грошы. 70 капеек за паўгадзіны», – кажа ўцякачка.

Адказ на пытанні журналістаў да супрацоўнікаў вакзалу – тэлефанаванне ў пракуратуру

Замест тлумачэння – чаму ўвялі аплату за карыстанне разеткамі нават для кліентаў буфету – працаўніца ўстановы адказала журналістам пагрозамі.

«Я зараз патэлефаную кудысьці і з вамі разбяруцца! Я ўжо тэлефаную… пракурору», – пужае працаўніца буфету.

Кіраўніцтва вакзалу прыкрываецца дзецьмі

Паводле ж кіраўніцтва Берасцейскага вакзалу, плата за карыстанне разеткамі была ўведзеная з мэтай, цытата, «бяспекі дзяцей, якія могуць выкарыстаць разеткі не паводле прызначэння».

«Хтосьці прыйшоў з тэлефонам, хтосьці падышоў з відэльцам сталовым, ці можа нават з цвіком. У нас жа пасажыраў вось цэлы вакзал, вы ж бачыце», – апраўдваецца начальнік берасцейскага вакзалу Віктар Кулай.

Няма нармальнага харчавання, няма жытла, няма магчымасці прымаць душ, няма годнага стаўлення з боку некаторых працаўнікоў вакзалу – усе гэтыя чыннікі ніяк не паўплываюць на цвёрдае рашэнне соцень і тысяч каўказцаў надалей заставацца тут і спадзявацца на магчымасць заехаць у Еўразвяз – сцвярджае гераіня нашага матэрыялу. Бо, маўляў, вяртанне ў Расею – гэта зноў беззаконне і пераслед, калі ты трапіш у няласку ва ўладаў.

«Я ўехала з канцамі… таму мяне нават не цікавіць гэтае расейскае грамадзянства», – падсумоўвае ўцякачка з Інгушэціі.

Юрый Салодкі, «Белсат»