Аб'ектыў 19.05.2017 Як карупцыянеры нажываюцца на бясплатнай медыцыне


Кошт лекавання даражэйшы на 30 %, а то і на ўсе 70. Менавіта да такога павелічэння выдаткаў бюджэту на медычнае абсталяванне і лабараторныя рэактывы прыводзіла схема, арганізаваная шэрагам працаўнікоў на кіроўных пасадах у сістэме аховы здароўя. Адзінаццаць з іх затрыманыя. За кратамі апынуліся і тыя, хто пастаўляў тэхніку за завышаныя кошты і плаціў за гэта адкаты.

КДБ кажа пра махінацыі падчас правядзення тэндараў і хабар у памеры $ 5-400 тыс. Удзячны «пераможца» закупкі вяртаў прыхільнаму чыноўніку да 5 % ад вартасці кантракту.

Фігурантам схемы была кампанія «Белрэамед»

Адметна, што яшчэ ў 2015 годзе на інтэрнэт-старонцы з інфармацыяй аб працадаўцах ананімны каментатар казаў пра схемы фірмы:

«Стаўленне да людзей ніякае. Цякучка кадраў вялізарная. Карупцыя. Шмат прадаюць коштам сваіх стаўленікаў у Мінздраве. Дзіўна, што іх яшчэ не закрылі разам з тымі, хто паддаецца на грошы».

У тым жа 2015 годзе «Белрэамед» напрадаваў праз тэндары на $ 2,3 млн. Калі лічыць, што 5 % ад гэтага склалі адкаты, то гэта 115 тысячаў брудных «баксаў». Агулам жа пазалетась праз тэндары набылі медычнага абсталявання і расходных матэрыялаў на $ 86 млн. Колькі пры гэтым «адкацілі каму трэба», можна толькі здагадвацца. Але з топ-50-ці ўсіх фірмаў нашай краіны, якія працавалі праз тэндары, – 27 прадавалі Міністэрству здароўя! Вось дзе яно – залатое дно дзяржаўных закупак.

А гэта ў сваю чаргу грошы падаткаплатнікаў, якія пазней прыходзяць па «бясплатную» медыцыну ў нашыя шпіталі ды паліклінікі і даведваюцца, што не такая яна ўжо і бясплатная.

Барацьба з карупцыяй была галоўным перадвыбарчым лозунгам Лукашэнкі

З абяцаннем адолець яе ён перамог на выбарах у 1994 годзе. Але за 23 гады, што кіраўнік краіны застаецца пры ўладзе, карупцыйных працэсаў не паменела. Толькі за апошнія чатыры месяцы гэта шэраг гучных справаў: Транспартавая інспекцыя – 10 асобаў арыштаваныя, Менгарвыканкам – 10 асобаў, Магілёўскі ЖКГ, «Івацэвічдрэў», «Гомельтранснафта» – спіс можна працягваць. Рост колькасці хабараў за ўсё той жа 2015 год склаў больш як 42 адсоткі ў параўнанні з папярэднім годам.

«Лукашэнка стварыў гэтую карупцыйную сістэму. Як стваральнік сістэмы можа паспяхова сам з ёй змагацца? Ён выкарыстоўвае яе для самапіяру. І сам ён не раз быў заўважаны ў пэўных схемах якія можна назваць карупцыйнымі», – звяртае ўвагу Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Усе памятаюць і дарагі гадзіннік на руцэ Аляксандра Лукашэнкі, і невядома за што падораны яму аўтамабіль «Майбах», і рэзідэнцыю «Краснасельскае», якую будуе, нібыта, расейскі алігарх Гуцэрыеў, але ездзіць туды адпачываць чамусьці кіраўнік Беларусі.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: ua.today

Глядзі таксама
Каментары