Як і чаму дзяржава робіць з футбольных фанатаў – злачынцаў?


Выпушчаны з-за кратаў, але не вызвалены. Менскі гарадскі суд адхіліў апеляцыю заўзятара футбольнага клубу «Партызан» Вадзіма Бойкі ды пакінуў у сіле ранейшы вырак – 4 гады пазбаўлення волі.

«Зараз нас на СІЗА забяруць, ну а потым будзем адбываць тэрмін пакарання і спадзявацца на лепшае. Спадзяюся, што сродкі масавай інфармацыі возьмуцца канкрэтна за нашую справу. Усе, хто быў у зале суда, чулі, што гэта папросту бязмежжа», – зазначыў антыфашыст і заўзятар Вадзім Бойка.

Гісторыя інцыдэнту

У сакавіку шасцёра заўзятараў ФК «Партызан» былі асуджаныя за бойку ў тралейбусе з заўзятарамі клубу «Тарпеда Менск», якая адбылася яшчэ ў 2014-м годзе, атрымаўшы ад 4-х да 12-ці гадоў пазбаўлення волі. 2-х з асуджаных дадаткова абвінавацілі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў.

«Ну а як іх яшчэ ў вачах людзей выставіць? Кім? Хуліганамі, якія разбілі шкло і хто можа нешта пашкодзіць. Яны гуляюць вось на гэткіх рэчах, каб людзі за іх не заступаліся», – упэўненая актывістка Марына Насенка.

Аніводзін з маладзёнаў сваёй віны не прызнаў

Вызваліць іх суддзю прасілі нават пацярпелыя. Не было прэтэнзіяў да заўзятараў і ў тралейбусным парку.

Гэткая нелюбоў да футбольных заўзятараў і антыфашыстаў ды анархістаў з боку ўладаў выглядае яшчэ больш дзіўна на фоне іншых краінаў, адзначае праваабаронца Алег Волчак. Бойкі заўзятараў здараюцца і там, але нікога за іх гэтак жорстка не караюць.

«Улады пужаюць усялякія спосабы людзей самаарганізавацца, і пагатоў калі гэтыя людзі займаюцца спортам і могуць супрацьстаяць міліцэйскаму гвалту збоку дзяржавы», – дадае Марына Насенка.

9 чэрвеня Вадзім Бойка быў нечакана выпушчаны з Жодзінскага СІЗА

З хлопца ўзялі падпіску аб нявыездзе. Сёння ж пасля таго, як суд пакінуў ранейшы вырак аб зняволенні ў сіле, з залы суда маладзёна за краты не забралі. Калі тое адбудзецца – невядома.

«Патлумачыць пазіцыю суда можна толькі тым, што набліжаецца Парламенцкая асамблея АБСЕ ў Менску, і, магчыма, хочуць прадэманстраваць мяккасць судовай улады: маўляў, можам і вызваліць, і даць падпіску аб нявыездзе», – упэўнены праваабаронца Алег Волчак.

Застаецца толькі пытанне: ці прыслухаецца да патрабаванняў грамадства і міжнароднай супольнасці сляпая і глухая айчынная Феміда?

Валер Руселік, «Белсат»