Як даказаць, што ты не дармаед? Гомелец судзіцца з дзяржаваю


Акцыі пратэсту а цяпер і суды. Нязгодныя з дэкрэтам аб дармаедах пачалі абскарджваць «лісты шчасця». Першае судовае разбіранне супраць падаткавікоў прайшло ў Гомлі. Жыхар гораду Аляксандр Сямёнаў намагаецца давесці, што падатак на ўтрыманства пярэчыць асноўнаму закону – канстытуцыі.

Судовае разбіральніцтва ператварылася ў акцыю падтрымання

Больш за 50 чалавек такім чынам выказалі нязгоду з падаткам для гэтак званых дармаедаў. Далёка не ўсе здолелі прысутнічаць на працэсе праз абмежаваную колькасць месцаў у зале. А за яе сценамі гомелец Аляксандр Сямёнаў рашуча даводзіў, што ніколі ў сваім жыцці не быў утрыманцам.

«Я вырашыў патрымаць Аляксандра, таму што прытрымліваюся такой жа пазіцыі. Калі народ будзе маўчаць, усё застанецца нявырашаным».

– кажа актывіст, які пастанавіў падтрымаць спадара Сямёнава.

Беспрэцыдэнтны судовы працэс

Разбіральніцтва ў гомельскім судзе – першае такое за ўсю гісторыю дзеяння прэзідэнцкага «Указу аб сацыяльным утрыманстве». Атрымаўшы дакумент пра спагнанне падатку, Аляксандр Сямёнаў спрабаваў безвынікова абскардзіць «ліст шчасця» ў раённай і абласной падатковых інспекцыях. Пасля з дапамогаю незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці праз дзеянні падаткавікоў ён пастанавіў звярнуцца ў суд.

Аляксандр Сямёнаў мяркуе, што трапіў у спіс дармаедаў незаконна

Маўляў, прымусовую працу ў Беларусі забараняе Канстытуцыя. Да таго ж гомелец цвердзіць, што заплаціў зямельны падатак, дзяржаўнае мыта на аўта, а таксама карыстаецца паслугамі мабільных аператараў, у якія ўлічаны падатак на дададзеную вартасць. Усё гэта, на думку Сямёнава ды ягонага прадстаўніка ў судзе, дае падставы прызнаць яго не дармаедам, а ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных выдаткаў.

«Прэамбула дэкрэту ўтрымлівае норму, якая кажа, што ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў прызнаецца той чалавек, які плаціць і падаткі, і зборы, і іншыя мыты. Мы кіруемся гэтай нормай і даводзім гэта суду», – тлумачыць Леанід Судаленка, прадстаўнік Сямёнава ў судзе.

Лецішча як панацэя ад беспрацоўя

У Аляксандра Сямёнава дзве вышэйшыя адукацыі ды амаль трыццаць гадоў працоўнага стажу. Доўгі час жыхару Гомля давялося працаваць у Расеі. Пасля вяртання на радзіму, не знайшоўшы працы, ён з 2013-га года пачаў працаваць на лецішчы, вырошчваць гародніну. Такіх, як ён, у Беларусі сотні тысячаў людзей.

«Трэба звяртацца ў суды ды скардзіцца. Лукашэнка кажа, што гэты дэкрэт закрануў некалькі дзясяткаў чалавек. Разам з тым афіцыйная статыстыка кажа пра мільён грамадзянаў, якіх залічылі ў дармаеды – 10 % эканамічна актыўнага насельніцтва краіны», – звяртае ўвагу Леанід Судаленка.

Наступнае судовае паседжанне адбудзецца дваццаць першага лютага. Аляксандр Сямёнаў верыць, што здолее абараніць справядлівасць.

Беларусы масава абскарджваюць спагнанні на падатак у мясцовых органах кіравання

«У кожнай вобласці па-рознаму: недзе ў выканкамах 300 зяваў, недзе 1000. Казаць пра нейкую лічбу можна будзе пасля заканчэння тэрміну», – праінфармаваў Міхаіл Расолька з Міністэрства па падатках і зборах

На сёння вядома, што падатак на дармаедства заплацілі толькі 46 з 470 тысячаў гэтак званых дармаедаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»