Як бюракратыя душыць бізнес


У невялікім горадзе Фаніпаль шасцю працоўнымі месцамі стала менш. Мясцовыя ўлады спынілі працу прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Грузінскі лаваш«, якое займалася вырабам і продажам свежага хлеба. Чаму абураецца ўладальнік прадпрыемства і якія прэтэнзіі да яго выказваюць мясцовыя ўлады? Зміцер Міцкевіч разбіраўся ў канфлікце.

Грузінскі лаваш стаў яблыкам разладу. Яшчэ нядаўна пяклі ды прадавалі свежы хлеб, а цяпер пабудову збіраюцца зруйнаваць з прычыны канфлікту паміж уладальнікам і кіраўніцтвам Фаніпаля.

Яшчэ ў 2012 годзе грузінскі прадпрымальнік Леван Нацарышвілі атрымаў дазвол на арэнду зямлі ды пачаў узводзіць будынак пад мініпякарню. Амаль тры з паловаю года ў яго заняло рыхтаванне да адкрыцця – збор дакументаў ды пабудова. Пасля паўтара года працы яму спачатку працягнулі арэндавую дамову на зямлю, аднак праз нейкі час скасавалі дазвол на працу – маўляў, пратэрмінаваў падачу дакументаў – хоць паводле папераў час яшчэ быў.

«Паўтара года адпрацаваў, і раптам аказалася, што яно ў чырвонай зоне. Як гэта ўвогуле можна было? У дзяржаўным рэестры ў мяне зямля зарэгістраваная, у інтэрнэце ў іх яно лічыцца, нават адрас мае – усё абсалютна», – распавядае прадпрымальнік Леван Нацарышвілі.

З сярэдзіны 2016 года Фаніпаль – горад-спадарожнік Менску, таму будынак пякарні згодна з новым генпланам гораду і стаў адносіцца да гэтак званай «чырвонай зоны«, дзе не дапускаецца ніякіх пабудоваў. Але ж нейкім чынам амаль праз год пасля гэтага Леван атрымаў рашэнне аб працягу арэнды зямельнага надзелу. Яшчэ адная праблема – усталяванне дадатковага лічыльніка для бойлера, які паводле закону не быў патрэбны.

«Былі людзі, прыходзілі да мяне, каб выкупіць, з выканкаму з Дзяржынскага. Грошай так ужо асабліва на апошні момант не прасілі, але былі намёкі на гэта», – узгадвае Леван.

У сваю чаргу, мясцовыя ўлады маюць канкрэтныя прэтэнзіі да працы прадпрымальніка.

«Ён павінен быў зарэгістраваць гэты будынак, атрымаць тэхнічны пашпарт на яго. Ён гэтага не зрабіў, атрымаў толькі ведамасць тэхнічных характарыстык. Гэта першы дакумент, але не апошні. І ў яго няма тэхпашпарта на пабудову», – запэўнівае Лілія Сяргеенка, адмысловец Гэадэзічнай і землеўпарадкавальнай службы Дзяржынскага райвыканкаму.

Замежнікам адкрываць сваю справу ў Беларусі небяспечна?

Атрымліваецца нейкае непаразуменне – сам прадпрымальнік выконваў умовы па працы, аднак не цалкам, бо пастаянна з’яўляліся новыя абставіны і патрабаванні. У той жа момант, пякарня стварала шэсць працоўных месцаў і, паводле мясцовых жыхароў, карысталася папулярнасцю. Дык што ж, атрымліваецца, замежнікам адкрываць сваю справу ў Беларусі небяспечна?

«У выпадку накату з боку канкурэнта, які карыстаецца падтрыманнем сілавых ці адміністрацыйных органаў кіравання нашай краіны, яны сутыкаюцца з поўнаю прававою неабароненасцю: нейкім чынам сябе абараніць ці аспрэчыць нелегітымныя, злепленыя высновы міліцыі ці мясцовых уладаў амаль немагчыма», – лічыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Гэткім чынам апісваю сваю сітуацыю і Леван Нацарышвілі.

«На гэты момант я спыніўся. Я двойчы звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, у аблвыканкам звяртаўся, былі пустыя сустрэчы, нейкія незразумелыя. У пракуратуру звяртаўся два разы. Але ніадкуль ніякіх дзеянняў няма», – кажа прадпрымальнік.

Адзінае дзеянне, якое чакаецца ў гэтай справе, – зруйнаванне будынку пякарні, якое мусіць адбыцца да канца чэрвеня. У любым выпадку такая сітуацыя, напэўна, не дадае прывабнасці Беларусі для замежных інвестараў.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»