Як беларусы выкручваюцца, каб не плаціць падатку на дармаедства


«Як не плаціць падатак на дармаедства?»

«Падчас скаргі ў падатковы орган», «У дармаедаў ёсць магчымасць не плаціць» – інструкцыі ў справе самага рэзананснага падатку ў сеціве шукаюць усё больш беларусаў з набліжэннем апошняга тэрміну аплаты падатку.

Дзясяткі тысяч праглядаў набіраюць відэа блогера з Кобрына Міхаіла Лышчыка

«Калі непрацоўны грамадзянін заплаціць падатак – ці будзе весціся праверка, дзе ж ён узяў грошы?», – пытае ў падатковай блогер.

Калі ён атрымаў «ліст шчасця», пайшоў па чыноўніцкіх кабінетах менавіта з такімі пытаннямі.

«Нідзе канкрэтна на мае канкрэтныя пытанні не было адказу, з падатковай мяне адаслалі ў райвыканкам, з райвыканкаму – у падатковую. І так некалькі разоў па коле. Дзе мяне бачылі з камерай, ішлі забароны на здымку, не дазвалялі, спасылаючыся на нейкія пункты з законаў, што мне так і не паказалі», – распавёў Міхаіл.

У каментарах пад відэа інтэрнаўты дзеляцца сваймі рэцэптамі, як абысці выплату падатку

«Хлопец, не плаці! Дачакайся суду, няхай заваляцца папяровым смеццем! А працаваць прымусова не вымусіш!!!».

«Калі мне прыйдзе такая [паперка], напішу яшчэ на падатковую заяву ў міліцыю. Паколькі няма працы, а з мяне патрабуюць грошы, тым самым штурхаючы мяне на злачынства (крадзеж, вымагальніцтва, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць)».

– раюць гледачы спадара Лышчыка.

Міхаіл жа сам пачаў збіраць подпісы за адмену дэкрэту № 3 ля будынку Кобрынскага райвыканкаму. За два дні падпісаліся больш як 300 чалавек.

«Людзі рэагуюць вельмі актыўна, мала пасіўных людзей. Практычна 98 % падпісваюць. У асноўным не падпісваюць, калі кудысьці спяшаюцца», – зазначыў відэаблогер.

Падобнымі назіраннямі дзеляцца сябры Абʼяднанай грамадзянскай партыі чальцы прафсаюзу РЭП і беларускія хрысціянскія дэмакраты.

Подпісы супраць падатку ў Горадні яны збіраюць ужо тыдзень

«Пераважна людзі канешне падтрымліваюць нашую ініцыятыву. Людзі цікавяцца гэтай інфармацыяй. Таму што атрымліваецца, што калі 400 тысяч беларусаў атрымалі «лісты шчасця» – гэта практычна закранула кожную сямʼю ў Беларусі», – тлумачыць Сяргей Верамеенка з партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».

З 400 тысячаў падатак заплацілі толькі 34

Большасць жа – 11 з 12-ці чалавек, спавешчанні ад падатковай ігнаруюць, як сведчаць звесткі Міністэрства падаткаў і збораў.

«Людзі, што прыходзяць у падаткавую, пытаюцца – па якіх разліках разлічаны падатак, што яны затрацілі? І выходзіць, што гэта ўсё «ад балды», выходзіць, што нашыя ўлады працуюць «ад балды», а не ад закона», – кажа Мікола Баўсюк, абласны каардынатар БХД.

Не згодных з неадпаведным Канстытуцыі дэкрэтам апазіцыя заклікае актыўна пратэставаць

19-га лютага чальцы Абʼяднанай грамадзянскай партыі плануюць правесці мітынгі ў Горадні, Гомлі і Магілёве. 15-га сакавіка – у Менску. Апошні ж тэрмін аплаты падатку – 20-га лютага.

Марына Вашкевіч, «Белсат»