Як беларусы селі і дамовіліся 100 гадоў таму


Беларуская народная рэспубліка ды савецкая сацыялістычная. Штуршком для іх утварэння сталася падзея, якой беларусы не надта надаюць увагі і не шануюць на дзяржаўным узроўні. Сто гадоў таму, 5-га снежня паводле старога і 18-га паводле новага стылю, у будынку гарадскога тэатру ў Менску (цяпер тэатр імя Янкі Купалы) распачаўся Першы Усебеларускі з’езд. Нягледзячы на розніцу поглядаў прыхільнікаў незалежнасці і федэралізацыі, дэлегаты здолелі дамовіцца.

Падзея, без якой наўрад ці ўтварылася б БНР і БССР

Рэвалюцыйныя падзеі 1917-га года спрыялі ўзмацненню незалежніцкіх настрояў на нашых землях. Усё большую папулярнасць набывала ідэя аднаўлення беларускай дзяржавы.

Дзеля вызначэння будучыні Беларусі Вялікая беларуская рада ў 1918-ым годзе склікала Першы ўсебеларускі з’езд. Праца распачалася 5-га снежня паводле старога стылю. Удзел у кангрэсе ўзялі амаль 2000 дэлегатаў.

«Былі прадстаўленыя ўсе земскія арганізацыі, прадстаўнікі ўсіх партыяў, грамадзянскіх арганізацыяў, замежных беларускіх арганізацыяў, вайсковых беларускіх структур і, па сутнасці, усе, хто хацеў прыняць у ім удзел», – звяртае ўвагу Валянцін Голубеў, гісторык з Акадэміі Навук.

Што пастанавіў з’езд, чаму ён такі важны?

Зʼезд аднагалосна ўхваліў права беларусаў на самавызначэнне і прыняў рэзалюцыю аб усталяванні дэмакратычнай формы кіравання. Бальшавкі разагналі кангрэс. Аднак менавіта ён стаўся важным этапам дзяржаватворчага працэсу ў Беларусі. Што праўда, меркаванні беларусаў, калі ж пачала паўставаць беларуская дзяржаўнасць, моцна адрозніваюцца.

«З часоў Полацкага княства, можна ўзгадаць яго, і, зразумела, часы ВКЛ. Рэальна, тое, што можна памацаць, гэта адбывалася ўжо на пачатку 20-га стагоддзя».

«Як пачалося ў нас БССР, так у нас і пайшло жыццё».

«Напрыканцы 80-х, пачатку 90-х, калі больш беларускай мовы было».

«Пачынаецца недзе зараз крыху. Вось пасля 91-га году, пакрыху. Але яшчэ далёка да гэтага».

– кажуць апытаныя «Белсатам» жыхары Менску.

Чаму няма агульнанацыянальнай пазіцыі на такое важнае пытанне?

Нават калі не згадваць дзесяцігоддзі антыбеларускай палітыкі за часамі СССР, апошнія 20 гадоў сучаснай Беларусі нацыянальная гісторыя ігнаравалася. Сёлета Міністэрства культуры адмовіла нават ва ўсталяванні табліцы на будынку Купалаўскага тэатру. Менавіта там сто гадоў таму адбываўся Першы ўсебеларускі з’езд. Значэнне яго для беларусаў складана пераацаніць.

«Полацкае княства – гэта было княства, мы не можам назваць яшчэ паўнавартаснай дзяржавай. Другая паўнавартасная дзяржава, у якой мы былі – гэта было ВКЛ. Але на яго прэтэндуюць літоўцы, хоць гэта была не толькі літоўская дзяржава. Рэч Паспалітая – на яе прэтэндуюць палякі. А вось у снежні 1917-га года беларусы ўпершыню сабраліся і сказалі, што яны хочуць будаваць сваю нацыянальную дзяржаву», – падкрэсліў спадар Голубеў.

Цікава, што днямі Аляксандр Лукашэнка, пры якім лёгка трапіць за краты за нацыянальныя беларускія сімвалы, адзначыў важнасць Першага ўсебеларускага зʼезду, які адбываўся пад бел-чырвона-белым сцягам.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: wikipedia.org