Аб'ектыў 02.11.2017 Як беларусы адзначаюць Дзяды-2017. Вялікая справаздача «Белсату»


Першыя дні лістапада ў Беларусі – традыцыйны час на тое, каб запаліць знічы і прыбраць могілкі продкаў. Гэтая традыцыя выводзіцца яшчэ са старадаўніх славянскіх абрадаў і ў нашай краіне захавалася ці не ўсамай архаічнай сваёй форме – са звычаем памінальнае вячэры. Але акрамя трыдыцыі духоўнай, беларускія Дзяды – гэта і знак абуджэння грамадства напрыканцы савецкае эпохі, калі пачаліся пратэсты ў Курапатах пад кіраўніцтва Зянона Пазняка.

Адным з першых рашэнняў Вярхоўнага Савету пасля абвяшчэння Незалежнасці стала ўласна стварэнне выходных дзён на Дзяды. Гэта змянілася ў 1996-ым – вольныя дні былі адмененыя, затое дасюль застаецца выходным 7-га лістапада – гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыі. Напярэдадні дня Усіх Святых, на старонцы zvarot.by з’явілася петыцыя з заклікам вярнуць непрацоўны дзень на 2-га лістапада.

Гэты зварот падтрымаў сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

«Гэта рацыянальнае патрабаванне справядлівасці. Праваслаўныя маюць Радаўніцу і магчымасць прыбраць свае могілкі, а каталікі не маюць такой магчымасці, бо дзень працоўны», – даводзіць аўтарка петыцыі Алёна Германовіч.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі на ўрачыстай імшы першага лістапада заклікаў вернікаў падпісаць гэтую петыцыю. А Кастрычніцкую рэвалюцыю, чыя гадавіна дасюль адзначаецца ў нашай краіне назваў «экзістэнцыяльнай катастрофаю».

Менскі аблвыканкам дазволіў акцыю-мітынг у Курапатах

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны заявіла сёння, што калі яны атрымаюць зварот пра вольны дзень на Дзяды, то прынамсі яго разгледзяць. Пакуль жа сябры партыі КХП-БНФ заклікаюць у нядзелю ушанаваць памяць продкаў шэсцем ува ўрочышча Курапаты.

Удзельнікі збіраюцца а 11:30 на станцыі метро Парк Чалюскінцаў. Арганізатары заклікаюць узяць з сабою знічкі і бел-чырвона-белыя сцягі.

Дзяды ў рэгіёнах

У Віцебску прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці завіталі на магілы сяброў, з якімі разам займаліся грамадскай дзейнасцю – Рамана Салаўя, Аляксандра Мудрычэнкі, Сяргея Цярэнцьева ды іншых, – гэтыя людзі пайшлі з жыцця параўнальна нядаўна. Актывісты добра ведалі іх пры жыцці. Цяпер штогод на Дзяды, неабыякавыя грамадзяне аддаюць даніну памяці і павагі тым, хто прыклаў шмат намаганняў дзеля таго, каб Беларусь была дэмакратычнаю і незалежнаю.

А ў Горадні сябры Таварыства беларускай мовы ды прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў наведалі магілы тых дзеячаў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё беларушчыны на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці: партызана і літаратуразнаўцы Браніслава Ржэўскага, краязнаўцы і журналіста Змітра Кіселя, кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага, пісьменніка Аляксея Карпюка ды іншых.

Тым часам гомельскія актывісты наведалі месцы масавых сталінскіх расстрэлаў, што ў лесе вакол Чарнігаўскай шашы. Мяркуюць, што тут ляжыць ад 25000-100000 чалавек.

«Гэта злачынства, гэта балюча, што аб гэтым зараз так мала кажуць, што нашы дзеці пра гэта не ведаюць. І мы хаця б у сем’ях павінны пра гэта казаць. Дзеці павінны пра гэта ведаць. Гэта той боль, які фармуе асобу», – кажа жыхарка Гомля Наталля Сняжкова.

Актывісты прыбралі вакол крыжоў, пафарбавалі агароджу на месцы расстрэлу святароў. Людзі ўзгадвалі сваіх рэпрэсаваных продкаў, ускладалі вянкі, палілі знічы. У акцыі ўзялі ўдзел больш за 20 чалавек.

Дзяды ў Варшаве

Удзельнікі акцыі не толькі запалілі знічы, але і змаглі паслухаць расповед пра час і абставіны, якія спрычыніліся да таго, што беларусы апынуліся ў суседняй краіне.

У тых, хто стала жыве за мяжою, не заўсёды атрымліваецца паехаць да сваякоў у Беларусь, кажа арганізатар акцыі, старшыня «Беларускай нацыянальнай памяці», Анатоль Міхнавец. Менавіта дзякуючы гэтай арганізацыі каля 10 гадоў таму ў Варшаве адшукалі месца, дзе пахаваная нарачоная Кастуся Каліноўскага, якой ён некалі напісаў верш «Марыська чарнаброва, галубка мая».

«Гэтае свята, якое яднае ўвесь народ. Не мае ніякага значэння, якія культурныя, палітычныя і іншыя погляды… смерць яднае ўсіх. І памяць аб продках таксама яднае ўсіх. Гэта самае аб’яднаўчае, самае салідарнае свята, гэта культ продкаў», – упэўнены палітык Зянон Пазняк.

У акцыі ўшанавання продкаў у Варшаве бяруць удзел ад некалькіх дзясяткаў да сотні беларусаў.

Усевалад Шлыкаў, Таццяна Белашова, Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары