Як беларусы адзначалі Радаўніцу


Памяць, якая мусіць жыць

Пра гэта ведаюць тыя, хто ў розных кутках нашай краіны прыйшлі на могілкі ўшанаваць продкаў. Для некаторых Радаўніца гэта нагода ўпарадкаваць увесну магілы блізкіх. Іншыя бачаць у свяце памерлых глыбокі духоўны і рэлігійны сэнс.

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Радаўніцу пераважна на дзявяты дзень пасля Вялікадня. Людзі моляцца за сваіх памерлых блізкіх, ускладаюць кветкі на іхныя магілы. Таксама наведваюцца месцы пахаванняў вядомых беларусаў. Гэтак было сёння на Маскоўскіх могілках у Менску.

Сёлетнюю Радаўніцу адзначаюць напярэдадні гадавіны чарнобыльскай катастрофы

Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці наведалі могілкі адданых змагароў з наступствамі ядравай катастрофы ў Беларусі.

«Тамара Белавокая дапамагала як медык. Яна ўзначаліла камітэт «Дзеці Чарнобылю», арганізацыю, якая займалася аздараўленнем дзяцей», – узгадвае Юрый Меляшкевіч з Руху «За свабоду».

Актывісты ўшанавалі памяць выбітнага беларускага навукоўца Івана Нікітчанкі

«Яго ініцыятыва была ў тым, каб выраб харчовых прадуктаў на забруджаных тэрыторыях быў абмежаваны, каб яны не траплялі на стол людзей. Ён зрабіў усё магчымае, каб абараніць беларусаў ад чарнобыльскага бруду», – распавёў «Белсату» спадар Меляшкевіч.

Своеасаблівы сэнс Радаўніца мае для жыхароў тэрыторыяў, пацярпелых ад радыяцыі. У гэты дзень, раз на год, на могілкі ў адселеныя вёскі прыязджаюць сотні людзей. Гэта тыя, каго бяда прымусіла пакінуць свае дамы. Адно з такіх месцаў гэта Барталамееўка ў Веткаўскім раёне Гомельшчыны. Тут на мясцовых могілках прыезджыя штогод ушаноўваюць памяць памерлых блізкіх. Да таго ж, гэта адзіная магчымасць сустрэцца з жывымі.

Менавіта тут гучаць і цяжкія нараканні

Былыя мясцовыя жыхары кажуць, што нават цягам 30-ці гадоў гэтак і не знайшлі спакою ўдалечыні ад месца, дзе нарадзіліся і выраслі.

«Мне вёска сніцца: то школа, то дзіцячы садок, то дзеці, то суседзі. Радзіма ёсць радзіма», – скардзіцца былая жыхарка Барталамееўкі.

Вёска з кожным годам усё больш нагадвае могільнік пустых дамоў

У Барталамееўцы застаўся толькі адзін жыхар. Памяць пра гэтыя мясціны трывае пакуль дзякуючы вясноваму дню ўшанавання памерлых.

Ян Бабіцкі, «Белсат»