Як беларуская дзяржава ставіцца да праблемаў інвалідаў


Сёння ўжо дваццаць шосты раз адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, іх удвая менш, як у сярэднім па ўсім свеце. Зрэшты, чалавека з абмежаванымі магчымасцямі радзей можна сустрэць і на беларускіх вуліцах, у параўнанні з краінамі Захаду. На жаль, высокага ўзроўню медыцыны, які б дапамагаў пазбегнуць інваліднасці, у нас няма.

Ані самастойна прыняць ванну, ані прыгатаваць ежу праз вышыню пліты. Элементарныя да выканання звычайных людзей рэчы – не да пераадолення асобам з інваліднасцю.

Шаснаццацігадовая Ангеліна хварэе на дзіцячы цэрэбральны паралюш. Кватэру ў Кобрыне ейная маці пабудавала з дапамогаю дзяржавы. Але, не зважаючы на прапісаныя ў заканадаўстве нормы, памяшканне ім не адпавядае.

«Тут парога не павінна быць увогуле. Гэтыя будаўнікі будавалі-будавалі і ў выніку пабудавалі бар’ер».

Затое не пабудавалі пад’ёмніка. Самастойна трапіць у двор Ангеліна не ў стане.

«Мне трэба яе сустракаць, праводзіць. Калі б быў падʼёмнік, я б магла пайсці на паўстаўкі працаваць, плаціць падаткі дзяржаве ўрэшце. Не быць таксама дармаедам. Зарабіць сабе не сацыяльную пенсію, а годную пенсію», – кажа маці Ангеліны Валянціна Гурыч.

Пастанову пра неабходнасць прыстасавання Кобрынскі райвыканкам прыняў яшчэ чатыры гады таму. Але цяпер чыноўнікі спасылаюцца на наяўнасць пандуса. Які, праўда, мае неадпаведны кут і пакрыццё.

«Нашыя чыноўнікі гэтага не разумеюць, бо яны ніколі не былі ў вазку і нават не спрабуюць увайсці ў становішча», – кажа Ангеліна Гурыч.

Хоць на найвышэйшым узроўні ўвесь час дэкларуецца, што Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава. У Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў мы запыталі беларусаў: ці нашай краіне тут ёсць чым ганарыцца?

«Паглядзіш за мяжою, наколькі людзей паважаюць і ставяцца да іх насамрэч як да роўных. Ну, а тут, усё ж, не так, як трэба, да іх ставяцца».

«Я лічу, больш за ўсё матэрыяльнае забеспячэнне іх і матэрыяльнае на вельмі нізкім узроўні».

«Тыя ж пандусы, напрыклад, не паўсюль у нас ёсць. Пад’езды таксама – мы забываем, што побач ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, што яны жывуць побач з намі».

Прыблізна кожны шосты чалавек у свеце мае нейкую форму інваліднасці. Такія звесткі Сусветнай арганізацыі здароўя. Афіцыйныя звесткі Беларусі – каля пяцісот сямідзесяці тысячаў чалавек са статусам інваліднасці. То бок шэсць адсоткаў ад агульнай колькасці грамадзянаў. Адкуль такая розніца?

«Гэта звязана з адміністратыўнымі працэдурамі, якія абмяжоўваюць магчымасці чалавека атрымаць статус інваліднасці. Гэта і нежаданне дзяржавы выплочваць пенсіі і дапамогу, несці дадатковыя выдаткі. Гэта, агулам, недасканаласць сённяшняй сістэмы сацыяльнай абароны і дапамогі», – кажа дырэктар асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі.

Праз недасканаласць сістэмы інвалід у Беларусі сутыкаецца з процьмаю праблемаў, дзеліцца Сяргей Драздоўскі. Перадусім гэта пытанні даступнасці – да фізічнага асяроддзя, сістэмы аховы здароўя, правасуддзя, адукацыі ды працы.

Лола Бурыева, «Белсат»