Аб'ектыў 24.07.2017 Як Беларусь гандлюе з ДНР і ЛНР за спінай Украіны. Расследаванне «Белсату»


Днямі ў Кіеве прэзідэнтам Парашэнкам быў названы сябрам Украіны, а сам жа за яе спінаю працягвае нарошчваць эканамічную супрацу з анексаваным Расеяй Крымам ды непрызнанымі Данецкай і Луганскай народнымі рэспублікамі. Гэткую шматвектарнасць сяброўства Лукашэнкі выкрыла расследаванне, зладжанае нашым тэлеканалам.

«Гэты візіт ёсць чарговым і важкім пацверджаннем нашых добрасуседскіх дачыненняў, якія будуюцца на прынцыпах раўнапраўнага партнёрства і даверы», – аптымістычна зазначыў Парашэнка, падчас візіту калегі з Беларусі.

Як вынікае з расследавання «Белсату», прынцыпы партнёрства і давер з Украінай не перашкодзілі афіцыйнаму Менску стацца адным з найвялікшых экспарцёраў у сепаратысцкія рэспублікі, а таксама працягваць гандаль з Крымам.

Хто і што прадае?

«Фактычна ўсе найбуйнейшыя вытворцы алкаголю, піва, гэтаксама – сыроў, малака ў Беларусі – яны пастаўляюць сваю прадукцыю туды. Галоўны вынік нашага расследавання – што маштабы гэтага бізнесу, сапраўды, велізарныя», – распавёў Ігар Ільяш, аўтар расследавання.

Па выніках двух месяцаў карпатлівай працы наш калега Ігар атрымаў фота- ды відэадоказы экспарту беларускай прадукцыі ў непрызнаныя рэспублікі, а таксама тэлефонныя прызнанні адміністрацыі некаторых беларускіх дзяржаўных заводаў. Сярод буйных дастаўцаў сепаратыстам – «Савушкін прадукт», «Санта Брэмар», тытунёвая фабрыка «Нёман», агракамбінат «Дзяржынскі», прадпрыемствы «Берасцемясамалпраду», «Камунарка», «Спартак» ды іншыя.

Беларусы засыпалі прадуктамі ДНР і ЛНР

Паводле данецкага дзелавога парталу «DNR-LIVE», беларуская прадукцыя цяпер займае каля чвэрці спажывецкага рынку сепаратысцкай рэспублікі. Штопраўда, тлумачыць Ігар Ільяш, фармальна пастаўкі афармляюцца не наўпрост. У дамовах удзельнічаюць гэтак званыя фірмы-пракладкі.

«Звычайна гэта афармляецца праз нейкую расейскую фірму, але былі выпадкі, напрыклад, Крыніца працуе праз канадскую фірму, Мазырскі завод працуе праз фірму ў Ганконзе», – раскрывае сакрэты шэрых схемаў аўтар расследавання.

Неакторыя прадпрыемствы спынілі гандаль з сепаратыстамі

Як паведаміў «Белсату» дырэктар Пружанскага малочнага камбінату Уладзімір Мікіціч, ягоны завод спыніў супрацу з самаабвешчанай рэспублікай Маларосія, пасля таго як урад Беларусі разаслаў папярэджанне аб тым, што афіцыйны Кіеў можа за гэта ўвесці супраць іх санкцыі. Астатнія – працягваюць гандляваць з сепаратыстамі.

Як паведамілі «Белсату» на Пружанскім малочным камбінаце, у красавіку афіцыйны Кіеў накіраваў у Менск ноту, у якой выказаў занепакоенасць супрацай беларускіх фірмаў з новаабвешчанай Маларосіяй. У МЗС Украіны нам заявілі, што і беларускія пастаўкі ў Крым з іхнага пункту гледжання – нелегальныя.

Афіцыйнай рэакцыі Украіны на расследаванне не паступала

Адмыслоўцы, аднак, не выключаюць, што, як і ў выпадку з «Рассельгаснаглядам», рэакцыя Кіева на кантрабанду з Беларусі можа праявіцца пазней – у момант, які Украіна палічыць больш зручным з палітычнага пункту гледжання.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Str / Zuma Press / Forum

Глядзі таксама
Каментары