Як адзначылі Вялікдзень у Беларусі


Хрысціяне ўсіх канфесіяў адзначаюць Уваскрэсенне Хрыстовага – Вялікдзень. Беларусь здаўна славіцца сваёй шматканфесійнасцю. Сёння святочныя набажэнствы прайшлі па ўсёй краіне ў каталіцкіх касцёлах, уніяцкіх цэрквах, праваслаўных храмах, пратэстанцкіх малітоўных дамах.

Іерархі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў у велікодных казаннях заклікалі хрысціянаў быць чулымі да бяздольных, не адварочвацца ад бедных і слабых. Падрабязней – у нашым сюжэце.

З усяночных набажэнстваў распачалося ў Беларусі галоўнае свята хрысціянскага календара – Вялікдзень. Рыхтаваліся да ўшанавання Божага ўваскрашэння ў цішыні, малітве і посце.

«Сэнс у тым, каб годна сустрэць гэтае свята, ачысціцца, прымірыцца, ачысціць душу ад граху», – кажа настаяцель гомельскай Царквы Перамянення айцец Аляксандр

З якімі перажываннямі ды спадзевамі сустракаюць Вялікдзень праваслаўныя, якіх, паводле афіцыйных падлікаў, у Беларусі больш за восемдзесят адсоткаў ад усіх вернікаў?

«Гэта вялікае светлае свята, сэрца падказвае прыйсці, з дзяцінства бацькі прывучылі. Я веруючая з дзяцінства», – кажа верніца з Гомлю.

Іншы вернік дзеліцца сваймі ўражаннямі:

«Прыемна і спакойна на душы і ўтульна становіцца, калі дома ўсё пячэцца. Хочацца радавацца і рабіць людзям дабро. Хочацца правільна жыць».

Дзверы святыняў другой паводле колькасці хрысціянскай канфесіі ў Беларусі – Рыма-каталіцкага Касцёлу – былі адчыненыя цягам усяго дня.

Сёлетняе свята адметнае тым, што каталікі, пратэстанты і праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень у адзін дзень.

«Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс! Гэта самыя цудоўныя словы, якія можа сказаць сапраўды хрысціянін. Таму мы вельмі шчаслівыя», – кажа жанчына, якая прыйшла ў касцёл у Горадні.

Глядзіце таксама:

Да сваіх парафіянаў традыцыйна звярнуўся і пантыфік. Словы падтрымання тым, хто жыве ў нястачы, цярпіць ад сучасных войнаў, прагучалі падчас велікоднай казані ў базіліцы Святога Пятра.

«Мы таксама можам бачыць твары тых, каго сустракаюць з пагардаю, бо яны імігранты, пазбаўленыя краінаў, дому і сямʼі. Мы бачым у іхных вачах адзіноту і сіроцтва», – сказаў Папа Францішак.

У духу еднасці ды замірэння гучаць віншаванні са святам і беларускага каталіцкага духавенства. Свае пажаданні агучыў айцец Ян Кучынскі, ксёндз-пробашч з Горадні:

«Хацеў бы пажадаць усім нам, усім вернікам: і праваслаўным, і каталікам – усім, хто верыць у Хрыста, гэтай радасці з мёртвых Уваскрашэння Госпада. Супакою ў іх сэрцах, у іх семʼях, глыбокай веры, надзеі на лепшую будучыню. Хрыстос Уваскрэс!»

Таму ў такі святочны час лепш бачыцца тое, што абʼядноўвае, чым тое, што падзяляе.

Наста Ільіна, belsat.eu