«Яго забілі. Гэта адназначна» – Сяргей Скрабец пра смерць генерала Фралова


Палітыкі, журналісты, сябры ды паплечнікі Валерыя Фралова прынялі ўдзел у турніры па стральбе на прызы «Белгазеты» у памяць генерала. Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Валерый Фралоў памёр тры гады таму.

Гэты турнір у менскім клубе «Фарсаж» больш нагадваў не спаборніцтвы, а сяброўскую сустрэчу. А таму ў якасці прызоў былі не толькі спартовыя кубкі, але і звычайныя – для гарбаты. Мэта імпрэзы – узгадаць палітычнага дзеяча, генерал-маёра, узнагароджанага двума ардэнамі і адзінаццаццю медалямі Валерыя Фралова, што пайшоў з жыцця 3 гады таму.

«Калі б ён сёння жыў, ён не тое, што быў бы не лішні у тым, што называецца дэмакратычным супрацівам дыктатуры, а быў бы на першых ролях!», – кажа паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

«Ну, калі ў чалавека ўжо ёсць усё, то што яшчэ яму трэба? Навошта яму, каб навакольныя людзі жылі лепш, каб была праўда? Гэты лозунг – «Сіла ў праўдзе» – яна належыць цалкам Фралову, бо ён ніколі не ўхіляўся ад барацьбы – гэта датычылася і нават нашае працы ў парламенце», – узгадвае паплечнік і сябар Фралова Сяргей Скрабец.

Генерал-маёр Валерый Фралоў скончыў тры вайсковыя вучэльні і Акадэмію кіравання пра Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на гэта, палітыку дзейснай улады былы чалец апазіцыйнай дэпутацкай групоўкі «Рэспубліка» у Парламенце ніколі не падтрымліваў. У 2004 годзе ён быў удзельнікам галадоўкі–пратэсту супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля гэтага Фралоў яшчэ неаднаразова сваймі дзеяннямі і жаданнем змагацца замінаў уладам. Планаваў удзельнічаць таксама ў апошніх прэзідэнцкіх выбарах, але раптоўна памёр за год да іх – ва ўзросце 67 гадоў – паводле афіцыйнай версіі, ад інфаркту.

«Ніхто не праводзіў праверку прычыны ягонай смерці. Маё меркаванне – яго забілі, гэта адназначна», – мяркуе Скрабец.

Але нават пасля смерці асоба Валерыя Фралова працягвае гуртаваць вакол сябе людзей. Перш за ўсё тых, хто, як і ён калісьці, змагаецца. А таму барацьба (хоць і сяброўская) была і на турніры ў памяць выбітнага генерала. Ажно 20 асобаў вырашылі паспрачацца за першыя месцы. Паводле Кірыла Жываловіча, турнір можа стаць традыцыйным.

«Сёння тут сабралася шмат паважаных асобаў. Мне падаецца, цяжка знайсці нейкае іншае мерапрыемства, на якое гэтыя людзі б адгукнуліся і прыйшлі», – кажа дырэктар «БелГазеты» Кірыл Жываловіч.

Перамогу ў стральбе з пісталета па мішэнях, якія рухаюцца, атрымаў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. А вось найлепшым у стральбе з аўтамату апынуўся журналіст і аператар нашага тэлеканалу Алесь Сіліч.

Для тых, хто прыйшоў, арганізатары падрыхтавалі яшчэ адзін сюрпрыз – плакат са здымкамі генерала. Гэта стала яшчэ адной нагодай узгадаць пра дасягненні Валерыя Фралова… Бо не перамога тут галоўная, а памяць пра выбітную асобу.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»