Яблык ад яблыні. Чаму амерыканскі мільянер забіў 59 чалавек?


Амерыканская паліцыя працягвае збіраць доказы ў справе стрэлка з Лас Вэгасу, 64-гадовага пенсіянера Стывэна Падака. Стала вядома, што ў багажніку ягонай машыны знайшлі нітрат амонія, які можа быць выкарыстаны для прадукцыі выбухоўкі. Таксама высветлілася, што, апроч 23-х вінтовак, якія былі пры Падаку ў гатэльным нумары, ён меў вялікі арсенал у сваім доме.

Штат Невада вядомы мяккімі законамі аб абароце зброі

Напрыклад, для валодання і нават нашэння пісталета тут не патрэбная адмысловая ліцэнзія. Аўтаматычная зброя наяўная ў свабодным продажы, а памер магазіну не абмежаваны дырэктывамі. Усё гэта стала падставаю для чарговай крытыкі законаў, якія дазваляюць абарот зброі ў краіне.

«Мы не можам дапусціць, каб гэта стала новай амерыканскай нормай. Мы не можам проста паціскаць плячыма, калі бачым, што год за год гіне па 30 000 амерыканцаў. Мы не можам сядзець склаўшы рукі і нічога не рабіць, пакуль сотні нашых таварышаў амерыканцаў гінуць за адну ноч, проста таму, што яны пайшлі паслухаць канцэрт», – пракаментаваў справу сенатар ад дэмакратаў Дык Дэрбін.

Белы дом застаецца непахісны

«Ёсць час і месца для палітычных дэбатаў, але цяпер у краіне настаў час абʼяднацца. Праводзіцца адкрытае расследаванне праваахоўных органаў. Матыў яшчэ не вызначаны. І было б заўчасна абмяркоўваць законы, калі мы не цалкам ведаем усе падзеі мінулае ночы», – зазначыла прадстаўніца Белага дому Сара Сандэрз.

Афіцыйна паліцыя схіляецца да версіі пра псіхапата-адзіночку. Заявы гэтак званай «Ісламскай дзяржавы» аб тым, што Падак меў сувязі з ісламістамі, не атрымалі ніякіх доказаў. Брат стралка з Лас-Вэгасу, які быў шакаваны ўчынкам сваяка, гэтак жа настойвае на тым, што ў яго не было ніякіх рэлігійных ці палітычных матываў.

Суседзі характарызуюць Падака як непраблемнага пенсіянера

Журналісты змаглі пагаварыць і з прадаўцамі зброі, якія ведалі Падака.

«Нічым не прыкметны, звычайны, такі Джон Сміт. Ён размаўляў, як быццам ён быў навічок у гэтым раёне. Наведаў усе суседнія крамы агнястрэльнай зброі, знайшоў на нашых паліцах тое, што яму сапраўды падабалася, але ў выніку здзейсніў некалькі візітаў, перш чым купіў тое, што хацеў», – узгадвае ўласнік крамы са зброяй Крыс Майкл.

Тым не менш менавіта гэты чалавек здзейсніў самую крывавую страляніну ў гісторыі ЗША, пасля чаго застрэліўся сам. Спачуванні амерыканскаму народу прыходзяць з усяго свету. Учора ў французскай сталіцы на знак салідарнасці было адключанае асвятленне на Эйфэлевай вежы. Але і самыя амерыканцы актыўна дапамагаюць пацярпелым. Пасля абвесткі пра тое, што параненым патрабуецца пераліванне крыві ў донарскія пункты Лас-Вэгасу выстраіліся вялізарныя чэргі.

Ігар Кулей, «Белсат»