«World Press Photo 2018» у Менску


У культурным цэнтры «Корпус» адкрылася выстава «World Press Photo 2018». Ладзіць прэмію некамерцыйная арганізацыя з Амстэрдаму.

«Для нас прэс-фота – гэта магчымасць паказаць свабоду слова і распавесці аб правах чалавека, якія мы прасоўваем, у тым ліку, у Беларусі. Мы даем прыклад, як можна бачыць і разумець свет. Прэс-фота – гэта і добрая магчымасць прадэманстраваць людзЯм моц якаснай прэсы», – кажа часова павераны Каралещства Нидэрланды Пащл Ван Оостэвээн.

Місія конкурсу – паказаць візуальныя гісторыі, значныя для ўсяго чалавецтва, якія цяжка перадаць праз іншыя медыясродкі. Тут – уцекачы М’янмы, што загінулі ў вадзе, партрэты дзяўчат, скрадзеных баевікамі «Бо-ко Харам», невычэрпныя смеццевыя палігоны ў Лагасе. Некаторыя фотаздымкі проста шакуюць.

«Яны сапраўды распавядаюць цікавыя гісторыі, якія адбываюцца ў свеце, якія мы не заўсёды можам пабачыць па тэлевізары, пачытаць у навінах. А шмат фатографаў забіраецца проста на ўскрай зямлі, жыве з людзьмі, прапускае праз сябе гэтую гісторыю», – распавядае арганізатарка выставы Юлія Дарашкевіч.

З чатырох з паловаю тысячаў здымкаў у шорт-ліст конкурсу адабралі больш за трыста. І 42 фатографы падзялілі міжсобку 45 узнагародаў – у 8 катэгорыях.

Тытул «Сусветнае прэс-фота – 2018» атрымала праца венесуэльца Ранальдо Шэміта. На ім – ахоплены агнём 28-гадовы ўдзельнік антыўрадавай маніфестацыі ў Каракасе.

Сябры журы заўважылі адну нечаканую дэталь фотаздымка. На сцяне, побач з якой імкліва бяжыць хлопец, – намаляваны пісталет, побач з ім – надпіс «пас» («paz»), што ў перакладзе з іспанскай азначае «мір». Гэтая дэталь і зрабіла фотаздымак яшчэ больш моцным і сімвалічным.

Моцны кадр – гэта ня толькі прафесіяналізм фатографа, але і ягоная ўдача – з’явіцца ў пэўны час у патрэбным месцы.

Сёлета ўпершыню выстава ладзілася і ў Горадні. Цяпер жа беларускія арганізатары – Культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ – запрашаюць наведаць экспазіцыю ў Менску, да 12-га чэрвеня. Дарослы квіток каштуе 5 рублёў. Для журналістаў уваход бясплатны.

Таццяна Уласенка, «Белсат»