«Wikileaks» прадаў беларускую апазіцыю? Медыякансультант пра тое, як гэта магло здарыцца


Некамерцыйная арганізацыя «WikiLeaks» звычайна з’яўляецца ў навінах пасля публікацыі дакументаў аб сакрэтных і вайсковых аперацыях Злучаных Штатаў. Афганістан ды Ірак, дыпламатычная перапіска, лагер Гуантанамо. Цікава і загадкава, як вострасюжэтны дэтэктыў… Пакуль не пабачыш там канфідэнцыйную інфармацыю пра сябе ці сваіх блізкіх.

Былы апазіцыйны актывіст з Салігорску, журналіст Іван Шыла трапіў на «WikiLeaks» праз апублікаваную справаздачу амерыканскага дыпламата, які 10 гадоў таму сустракаўся з салігорскімі грамадскімі дзеячамі.

«Гэтая сустрэча была ў закрытым фармаце, там не было прадстаўнікоў СМІ. Гэта было некалькі чалавек, якія прадстаўлялі розныя рухі. Сустрэча адбывалася напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў у 2007. І амерыканскія дыпламаты проста пыталі, што мы пра гэта думаем, што думаем пра сітуацыю ў краіне», – зазначыў Іван.

Для актывіста публікацыя на «WikiLeaks» не мела наступстваў

Але ў Беларусі ёсць і пацярпелыя ад «зліваў» сакрэтнай інфармацыі. Паводле часопісу «The New Yorker», у 2010-ым годзе ў Беларусь назіральнікам на выбары прыязджаў куратар «WikiLeaks» па постсавецкіх медыях, грамадзянін Швецыі Ісраэль Шамір. Публіцыст, чалец Саюзу пісьменнікаў Расеі, атрымаў ад лідара «WikiLeaks» Джуліяна Асанжа 80 тысячаў сакрэтных дэпешаў.

Паводле «The New Yorker», Шамір перадаў частку інфармацыі людзям, звязаным з Крамлём, а яшчэ частку – праз міністра замежных справаў Уладзіміра Макея ў адміністрацыю Лукашэнкі.

«Як толькі Расея пра гэта дазналася, яна магла частку дакументаў выкупіць, магла частку перадаць Беларусі. Беларусь магла гэтыя дакументы выкупіць. Ніхто не хаваў, што «Вікілікс», апроч бясплатнага распаўсюду магла і прадаваць гэтыя дакументы», – мяркуе медыякансультант Аляксей Лявончык.

А на наступны дзень пасля гутаркі Макея і Шаміра ў Менску жорстка разагналі пратэсты супраць выбарчых фальсіфікацыяў. Сотні людзей трапілі пад арышт. Частка з іх потым распавяла, як за кратамі іх вербаваў КДБ.

Асанжу абыякавы лёс Беларусі?

Медыякансультант Аляксей Лявончык, які з пачатку сочыць за праектам «WikiLeaks», звяртае ўвагу, што Джульяна Асанжа цікавіць найперш супрацьстаянне з Вашынгтонам.

«Калі гэта прывядзе, што хтосьці сядзе, бо ў краіне няма нармальнай прававой сістэмы, бо ўвогуле мусіць адбывацца патаемна, бо не можа адбывацца адкрыта ў нашай сістэме, што дзеячы апазіцыі мусяць ужываць шыфраваныя каналы сувязі і ісці ў амбасаду на перамовы – гэта яго не датычыла і не цікавіла абсалютна», – зазначыў спадр Лявончык«.

Пры гэтым расследванням карупцыйных схемаў Крамля на «WikiLeaks» надаецца значна менш увагі. Сам Джульян Асанж 5 гадоў як мае палітычны прытулак у амбасадзе Эквадору ў Лондане. Асанж, сярод іншага, вёў сваю праграму на расейскім тэлеканале «Russia Today».

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Han Yan / Zuma Press / Forum