Вызваленне актывіста з турмы ператварылася ў пагоню па Горадні


Пасля таго, як гарадзенец Сяргей Верамеенка адсядзеў 15 содняў арышту за акцыі пратэсту, міліцыянты ў цывільным пасадзілі актывіста ў аўта і павезлі невядома куды. Сяргей праз вакно паспеў паклікаць на дапамогу сяброў, што чакалі пад пастарункам.

«Я збіраўся выскачыць з машыны, і адкрыў дзверы на бліжэйшым скрыжаванні, але міліцыянт, які сядзеў наперадзе, запіхнуў мяне ўнутр», – узгадвае Сяргей.

Пачалася сапраўдная пагоня на некалькі кіламетраў шляху. У выніку міліцыянты выкінулі Верамеенку ля гарадской паліклінікі.

У Берасці таксама міліцэйскае бязмежжа

Дзяніс Марук, рэдактар парталу «Рэальны Брэст», атрымаў траўмы проста ў міліцэйскім кабінеце. Паводле Дзяніса, сілавікі пакрыўдзіліся, што ён на акцыі пратэсту паказаў іх аператару ў цывільным сярэдні палец. А калі падчас затрымання мужчына не захацеў аддаць карту памяці ад відэакамеры, сталі біць.

«Пасля гэтага пачалася проста жэсць. Мяне білі галавой аб сцяну – у мяне гузакі на галаве, білі па твары, потым паклалі на падлогу, білі нагамі-рукамі, білі па нырках», – пералічвае пабоі Дзяніс.

Таксама берасцейская міліцыя не дала нармальна выйсці на волю Наталлі Папковай. Актывістку зноўку прымусова павезлі на псіхіятрычную экспертызу.

Вазілі і раней, і лекары не ставілі ніякага дыягназу.

Суды па ўсёй Беларусі

У Маладзечна за ўдзел у «Маршы недармаедаў» асудзілі праваабаронцу Эдуарда Баланчука і прадстаўніка незалежнага прафсаюзу Руслана Кісялёва – на 15 і 10 дзён арышту адпаведна.

У Менску сёння на 15 сутак арышту адправілі Мікалая Дзядка, за ўдзел у святкаванні Дня Волі. Амапаўцы, як звычайна, блыталіся, але суддзя Неўмяржыцкі прыняў іх паказанні.

Да суда Мікалай Дзядок тры дні быў у шпіталі з страсаннем мазгоў пасля брутальнага затрымання. У міліцэйскім аўтобусе яго моцна білі кулакамі па галаве.

Вызваляюць так, каб не сустрэлі блізкія

У Жодзіна сёння выпусцілі 7 актывістаў, затрыманых у Менску 15-га сакавіка. Не далі выйсці да сяброў і сваякоў, а вывезлі на аддаленую чыгуначную станцыю.

«Падобна, яны не хацелі, каб шмат людзей сустракала тых, хто сёння вызваляецца, і таму нас даставілі на машыне сюды», – мяркуе Марына Дубіна з абʼяднання «Зялёная сетка».

У Магілёве сёння таксама выйшлі на свабоду арганізатары акцыяў пратэсту.

Наступныя акцыі супраць падатку на адсутнасць працы і дрэннай сацыяльнай палітыкі адбудуцца 1-га і 9-га траўня.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»