Аб'ектыў 04.10.2017 Высяканне дрэваў. Чыноўнікі супраць Лукашэнкі


Ушчыльненне за кошт паркаў ды лясных масіваў. З гэткімі праблемамі ўсё часцей сутыкаюцца жыхары буйных беларускіх гарадоў ды іх ваколіцаў. Цяпер пад лязо сякеры ды пілы рызыкуюць трапіць дрэвы на скрыжаванні вуліц Савецкая і Кожара ў Гомлі. Пад пагрозаю знішчэння дагэтуль застаецца і 5 гектараў лесу каля пасёлку Бараўляны пад Менскам. На ўсе заклікі грамадзянаў захаваць зялёную зону мясцовыя чыноўнікі не адрэагавалі.

Затое адрэагаваў галоўны

«Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць, замест таго, каб парк недзе закласці ці ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жытло. Месца няма вам жытло будаваць, абавязкова трэба канфлікт парадзіць з насельніцтвам?», – абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

На наступны ж дзень пасля гучных заяваў кіраўніка краіны Адміністрацыя цэнтральнага раёну Гомля адмяніла грамадскае абмеркаванне, што датычыла будаўніцтва шматпавярховіку на месцы векавых дрэваў. Якім будзе далейшы лёс скверу, як і прычыну раптоўнай адмены сустрэчы з грамадзянамі, дакладна нашаму тэлеканалу ў Адміністрацыі цэнтральнага раёну Гомля не патлумачылі.

Указанні кіраўніка краіны да выканання прынялі далёка не ўсе

Кампраміс паміж жыхарамі Бараўлянаў ды мясцовымі чыноўнікамі дагэтуль не знойдзены.

«Чыноўнікі народ не чуюць, гэта абсалютная праўда. Мы спрабуем розным чынам патрапіць на прыём да чыноўнікаў, нам адмаўляюць. Напісалі заяўкі на правядзенне пікетавання толькі для таго, каб нас пачулі, але ў адказ мы атрымалі адмову», – скардзіцца Іван Вайтовіч з ініцыятыўнай групы за выратаванне лесу.

Каб супрацьстаяць высяканню дрэваў, грамадзяне планавалі ачапіць лясны масіў «жывым ланцугом», а таксама сабраць мітынгі каля будынку мясцовага і Менскага раённага выканкамаў. На дзве з заяўленых акцыяў ініцыятыўная група ўжо атрымала адмовы. Абяцанням Лукашэнкі тут не вераць.

Права адстаяць лес жыхары намагаюцца ўжо трэці месяц, цягам якіх былі і доўгатэрміновыя перамовы з мясцовым сельсаветам, і пратэставы намётавы гарадок, і 7 000 сабраных за адмену будоўлі подпісаў. Чарговая ж сустрэча з дэпутатамі Бараўлянскага сельсавету адбудзецца заўтра.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары