«Выратуйце мяне». Удзельніцу пратэстаў два тыдні трымаюць у варʼятні


Першы марш абураных беларусаў у лютым шмат для каго скончыўся судамі. У тым ліку – для актывісткі з Менску Галіны Лагацкай. За кратамі жанчына правяла 10 дзён.

Суд за ўдзел у Маршы не быў для Лагацкай першы

Два гады таму яе судзілі за мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы.

Пра ўдзел актывісткі ў акцыі пратэсту міліцыі паведаміў ейны сусед.

«Калі я пазнала гэтага чалавека ў 2011-м ці ў 2012-м годзе, маё жыццё пераўтварылася ў кашмар. Пайшлі адміністратыўныя справы. На глебе непрыязі ён піша і піша скаргі. Міліцыя Першамайскага РУУС не разбіраецца і складае на мяне пратаколы», – скардзілася Галіна.

Канфлікт з суседам перайшоў у суд

Частку з паседжанняў Лагацкая прайграла. Жанчына не змагла сплаціць шматтысячных штрафаў, таму хутка ў ейную кватэру пачалі прыходзіць судовыя выканаўцы, каб апісаць маёмасць.

«Аднойчы ў чарговы раз, калі яны прыехалі раней, яна напісала цыдулку, што вы будзеце вінаватыя ў маёй смерці. Яна вырашыла іх папужаць проста, што вы будзеце вінаватыя ў маёй смерці, бо вы мне ўжо надакучылі. Яны ўзялі гэтую запіску, выклікалі хуткую дапамогу і адвезлі ў Навінкі», – даводзіць Тамара Гулезава, сяброўка Галіны.

У псіхіятрычным аддзяленні № 14 жанчына перабывае два тыдні

«Жахліва, выратуйце мяне, забярыце адсюль! Я вас прашу. Тут як турма. Нават горш чым у турме!», – паспела праз тэлефон распавесці «Белсату» спадарыня Лагацкая.

Паводле жанчыны, ёй пакуль не паставілі дыягназу, таму невядома, колькі дакладна часу яна правядзе ў лякарні.

Сябры Лагацкай упэўненыя – гэта помста за грамадскую актыўнасць

«Яна ўдзельнічае ў выбарах. Яна ходзіць да дэпутатаў. Адстойвае правы раёну, свае правы, правы грамадзянаў, дапамагае ім», – тлумачыць такую ўпэўненасць сяброўка Тамара.

Выпадак Галіны Лагацкай адсочваюць праваабаронцы.

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што гэткія захады выкарыстоўваюцца ўладамі для дыскрэдытацыі грамадскіх актывістаў.

«Тыя людзі, якія тым ці іншым чынам не падпадаюць пад крымінальную адказнасць, да іх імкнуцца ўжыць захады каральнай псіхіятрыі. То бок зрабіць іх шалёнымі, людзьмі, якія не могуць адказваць за свае дзеянні», – кажа ён.

Галіна далёка не першая, хто спазнаў карную псіхіятрыю

Адная з такіх асобаў – лекар з Віцебску Ігар Пастноў. У 2013-ым годзе яго скіравалі на прымусовае лячэнне пасля шэрагу відэавыступаў з крытыкаю віцебскай медыцыны.

Амаль паўгода ў псіхіятрычных установах правяла і жыхарка Маладзечна Алеся Садоўская. Туды яна трапіла пасля скаргаў у пракуратуру на дзеянні міліцыі.

«Мы ўжо рэагавалі на гэтыя факты і даводзілі пра тое, што адбываецца ў Беларусі ў Міжнародную псіхіятрычную асацыяцыю, дзе цяпер, наколькі мне вядома, адбываецца следства ў дачыненні тых выпадкаў, якія былі ўказаныя ў тым ліку «Платформай», – зазначыў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Каральная псіхіятрыя з’ява далёка не новая. У Савецкім саюзе яна была адным з галоўных інструментаў рэпрэсіяў супраць іншадумцаў. Савецкія ўлады на падставе фальшывых дыягназаў з лёгкасцю ізалявалі сваіх апанентаў на доўгія гады.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: omsk.topkvestov.ru