Выпускны: ці ўсе адзінаццацікласнікі могуць сабе яго дазволіць?


Адгучалі апошнія званкі, учорашнія адзінаццацікласнікі атрымліваюць атэстаты і разам з бацькамі выпраўляюцца на выпускныя балі. Але ці проста зарганізаваць беларускай сям’і такую ўрачыстую імпрэзу і ці не б’е гэта па бацькоўскай кішэні?

«Зараз гэта ўсё ператвараецца ў назапашванне стрэсавых сітуацый. Патрэбна атрымаць узгадненне, потым знайсці памяшканне, потым трэба вырашыць розныя арганізацыйныя пытанні, пачынаючы ад таго якое меню, заканчваючы тым, на чым ехаць: на лімузіне ці на трамваі», – распавядае мама выпускніцы Дзіна Шаўцова.

У такой сітуацыі некаторыя выпускнікі выбіраюць менш стрэсаў перад цэнтралізаваным тэставаннем, якое распачынаецца ўжо праз колькі дзён, і менш выдаткаў з сямейнага бюджэту.

«Я проста села падлічыла на пачатку года, колькі мае бацькі выдаткуюць на мяне ў гэтым годзе: на рэпетытараў, на розныя штукі для навучання, і калі ўжо ёсць магчымасць ашчадзіць на выпускным і не выдаткоўваць на яго грошы, то я вырашыла так зрабіць», – кажа выпускніца Дзіяна Шаўцова.

Але ці не атрымліваецца, што праз завысокія кошты ўсё часцей выпускнікі адмаўляюцца ад свайго свята? Сапраўды, для некаторых сем’яў гэта фінансава не дасяжная імпрэза, а хтосьці разважліва не хоча «выкідваць грошай на вецер».

Бацькам выпускніц яшчэ складаней: фрызура, макіяж і «сукенка мары» абыдзецца ў круглую суму.

«Фірменная сукенка ў адзіным экзэмпляры, мы мусілі на яго выдаткаваць больш за $ 200. Але я падумала, навошта ён мне патрэбны, калі я апрану адзін раз? Потым мы пайшлі з мамай па крамах і набылі сукенку за $ 50», – працягвае Дзіяна Шаўцова.

Хацелася б спадзявацца, што, уваходзячы ў дарослае жыццё, моладзь як найменш зазнае праблемы дарослых. А пакуль выпускныя – гэта адрэналін і хваляванне для адных ды абмежаванне продажу алкагольных напояў для іншых.