Вёска на Магілёўшчыне: праз радыяцыю не даюць збіраць грыбы і ягады, але лічаць «чыстай зонай»


Радыяцыі не бачна ж, праўда? А хочаце, мы вам яе пакажам? Пасёлак Майскі, Чэрыкаўскі раён Магілёўшчыны. Сюды праз 3-4 гады пасля Чарнобыльскай катастрофы перасялялі жыхароў суседніх вёсак Вепрын, Чудзяны і Малінаўка. Хаця патрэбу ў тым перасяленні мясцовым людзям разгледзець не лягчэй, чым тую ж радыяцыю: да закапаных у дол вёсак адсюль усяго нейкіх пяць кіламетраў.

«У лес не пускаюць, грыбы не даюць збіраць, ягады не даюць збіраць: маўляў, брудна – але ж у чыстую перасялілі! Дык якая гэта чыстая? Чыстая зона – гэта ўсё можна есці і жыць можна», – распавядае жыхар Майскага Афанасій Таратынка.

З амаль дзвюх тысячаў жыхароў сёння ў Майскім засталіся сотні тры. Хто памёр, а хто ўцёк. Займацца ў Майскім папросту няма чым – у літаральным сэнсе.

«Працоўных месцаў няма. Недзе людзі пакутуюць без кватэр, а ў нас ужо недзе 100 пустых кватэраў. Моладзь з’ехала. Толькі за апошнія гады ў нас з’ехала недзе 11-13 сем’яў. І іншыя ўжо з’язджаюць», – кажа жыхарка Майскага Лідзія Шаўцова.

«У вакно глядзім ды і ўсё, як шпак са шпакоўні! Чым тут займацца? Няма ані працоўных месцаў, анічога няма!», – кажа Іван Губараў.

Зрэшты, выехаць з Майскага хаця б у той жа Чэрыкаў сёння не так і проста. Аўтобус на райцэнтр ходзіць тры разы на тыдзень, выязджае а сёмай раніцы, а ўжо апоўдні едзе назад: што ты ў тым горадзе паспееш зрабіць? Пошта ў Майскім працуе дзве гадзіны на дзень. Ёсць адна крама, але і ў ёй людна не бывае: а што ты купіш, калі грошай няма?

«Нам даплочвалі грошы «чарнобыльскія», за кватэру мы нейкі час не плацілі – ну, мала плацілі. Пры паступленні былі ільготы дзецям нашым. А зараз нічога няма, знята ўсё: у нас «чыстая зона» зараз», – адзначае прадавачка Рыта Лушчаева.

«Яно знешне можа і незаўважна, можа і не адчуваецца. Але давайце падумаем разам з вамі, колькі захворванняў узрастае! Нашыя дзеткі вось зараз нараджаюцца, у школу ходзяць, а ў войска хлопцаў прызваць – здаровых вельмі мала застаецца! Гэта і ёсць наступствы вось той чарнобыльскай трагедыі. І гэтая трагедыя будзе нам аукацца яшчэ вельмі доўга, не адзін дзясятак гадоў!» – адзначае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

За прыкладам жа, да чаго вядзе гэткае забыццё, далёка хадзіць не трэба. Сёння стала вядома пра буйны пажар, які адбыўся на Астравецкай АЭС яшчэ ў лютым. Трывогу забілі грамадскія актывісты. Улады ж вымушана адхрысціліся: было толькі кароткае замыканне – хвалявацца няма чаго.

Валеры Руселік, «Белсат»

Фота вокладкі – ТАСС