Вынікі саміту АБСЕ ў Менску: яшчэ ўчора выступалі з крытыкай, сёння – далі задні ход


Парламенцкая асамблея не ўключыла ў рэзалюцыю аб стане краінаў Усходняй Еўропы дэкларацыю з крытыкай Беларусі, Расеі і Азербайджану.

Гэткае рашэнне для нашай краіны прадстаўнікі айчыннай дэлегацыі сустрэлі гучнымі апладысментамі, а сябра Савету Рэспублікі Сяргей Гайдукевіч нават выкрыкнуў у залу словы падзякі.

Рэзалюцыю, у якой сярод іншых праблемаў адзначылі несвабодныя выбары, а таксама наяўнасць дагэтуль у Беларусі палітзняволеных і смяротнага пакарання, беларускія парламентарыі ды прадстаўнікі расейскай дэлегацыі ўспрынялі катэгарычна адмоўна. Для развязання ж сітуацыі дэлегаты Парламенцкай асамблеі правялі дадатковае галасаванне, вынікі якога – 43 галасы «за» і столькі ж – «супраць». Нягледзячы на размеркаванне галасоў пароўну, далейшага ходу дэкларацыя не атрымала.

«Мяне вельмі шакавала галасаванне некаторых краінаў. Брытанія – некаторыя дэпутаты супраць былі. Іншыя былі нейтральныя – Аўстрыя. Гэта нюансы, што ёсць краіны Заходняй Еўропы, якія не паднялі гэтага пытання і далі магчымасць усходняму блоку блакаваць рэзалюцыю», – кажа літоўскі чалец ПА АБСЕ Лаўрынас Касчунас.

Беларускі ж бок расцэньвае такія захады як крок насустрач Беларусі і спробу наладзіць далейшы дыялог з Захадам.

«Кожны пункт гэтай рэзалюцыі, якая была прапанавана шведскім дэпутатам Хольмам была падрыхтавана непрафесіянальна. Гэта састарэлае ўяўленне. І фактычна дэпутаты за дзень пераасэнсавалі падыход, фармулёўкі, і я ўпэўнены, што будзе прагрэс, і што меркаванне пра Беларусь памянялася», – тлумачыць дэпутат беларускага парламенту Андрэй Рыбак.

Тым не менш, на думку некаторых парламентарыяў, вынікі галасавання яшчэ не азначаюць змены палітычнага кірунку краінаў Еўразвязу ў дачыненнях з нашай краінай. Беларусь па-ранейшаму патрабуе правядзення эканамічных і палітычных рэформаў.

«Я мушу сказаць, што я наведаў каля 15-ці розных выбараў у краінах АБСЕ, але такога падману, як я бачыў у Кастрычніцкім раёне гораду Менску, дзе я ўзяў удзел у падліках галасоў, – такога я не бачыў нідзе», – адзначае славацкі чалец ПА АБСЕ Пэтэр Осускі.

Гэтак жа, хіба не бачыў нідзе ў Еўропе такога жорсткага абыходжання з мірнымі дэманстрантамі. Толькі ўвесну праз арышты і збіццё прайшлі сотні актывістаў. Аднак і гэты факт на сённяшнім падсумаванні дэлегаты не прынялі да ўвагі.

Юлія Лабанава, «Белсат»