Вынікі першага чвэрцьфіналу Кубка федэрацыяў паміж камандамі Беларусі ды Нямеччыны


Тэніс

Пасля першага дня 1/4-ай фіналу Кубка федэрацыяў паміж камандамі Беларусі ды Нямеччыны нічыя 1:1. Спачатку на корт, які быў разасланы на «Чыжоўка-арэне», выйшлі Арына Сабаленка, 63-яя ракетка свету, і Таццяна Марыя, якая ў рэйтынгу ВТА на 58-ым радку. Сустрэча працягвалася адну гадзіну і 44 хвіліны.

Першы сэт застаўся за нямецкаю тэнісісткай, які яна выгуляла 6:4. У наступнай партыі Арына пачала дзеяць больш актыўна, чым паставіла ў тупік Марыю і вынесла яе з лікам 6:1. Трэці сэт таксама скарыўся Сабаленцы – 6:2, за матч у яе два эйсы і ніводнай двайной памылкі. Затым на корце мы ўбачылі Аляксандру Сасновіч, 46-ая ў планетарным спісе, і Антонію Лотнэр, 149-ая ў рэйтынгу ВТА. Беларуска не здолела знайсці падыходу да гульні апаненткі ды саступіла даволі нечакана ў двух сэтах 5:7, 4:6. Пасля першага чвэрцьфінальнага матчу лік нічыйны, 1:1, а заўтра адбудуцца дзве адзіночкі і таксама парная сустрэча. Пераможца гэтага двубою ў паўфінале згуляе з наймацнейшым у сустрэчы, якая праходзіць у Празе, паміж камандамі Чэхіі ды Швейцарыі, там 2:0 на карысць чэхаў.

Футбол

На легендарным стадыёне «Уэмблі», на якім сёння прысутнічала крыху больш за 83 тысячы гледачоў, згулялі цэнтральны матч 27-га туру англійскай Прэм’ер-лігі. У лонданскім дэрбі «Тотэнгэм» атрымаў мінімальную перамогу над «Арсеналам».

Гэта той выпадак, калі такая гучная афіша сустрэчы сябе не апраўдала. Ад двубою заўзятары чакалі яўна большага, чым змаглі паказаць каманды. За першыя 45 хвілінаў гульцы нічога не змаглі стварыць на полі, што хоць трохі б намякала на галявыя моманты, а ў другім тайме па-сапраўднаму відовішчныя выдаліся толькі пачатак і канцоўка. «Шпоры», якія і да перапынку хоць бы спрабавалі абвастрыць гульню, выйшлі з распранальні з рашучым настроем і вельмі хутка дамагліся поспеху. На 49-ай хвіліне гол забіў нападнік гаспадароў Гэры Кейн, які ў выніку так і застаўся адзіны ў гэтай сустрэчы. «Шпоры» маглі павялічыць лічбы на табло, аднак «кананіраў» не раз выратоўваў іхны брамнік Пэтр Чэх. Пакуль «Тотэнгэм» у турнірнай табліцы перамясціўся на трэці радок.

Хакей

Адразу 13 шайбаў закінулі ў матчы Нацыянальнай хакейнай лігі, дзе «Айлэндэрз» дома прымаў «Дэтройт». Па першым перыядзе для гасцей нічога не прадказвала бяды, бо яны яго выгулялі 3:0. Аднак затым «Айлэндэрз» здолелі аднавіць раўнавагу, а пры ліку 6:6 гульня перацякла ў оўвэртайм.

У дадатковай пяціхвілінцы госці вырвалі перамогу, дзякуючы закінутай шайбе Брока Нэлсана. Яшчэ ў адным двубоі гульнявога дня справа дайшла нават да пасляматчавых хакейных пенальці. «ДЭлас» на сваёй пляцоўцы ўжо да адзінаццатай хвіліны першага тайму прагульваў «Пітсбуру» 0:2. Спачатку вызначыўся Райлі Шыхан, а затым Карл Гагелін здолеў закінуць нават калі ягоная каманда гуляла ў меншасці. Затым «Дэлас» дзве шайбы адгуляў, асноўны час сустрэчы скончыўся ўнічыю 3:3, яшчэ 5 хвілінаў оўвэртайму плёну не прынесла ніводнаму клубу, а ўжо ў серыі булітаў удача была на баку «Дэласу», пераможны хакейны пенальці на рахунку Тайлера Сэгіна. З такім жа лікам 4:3 «Рэйнджэрз» дома нанеслі паразу «Кэлгары».

Алімпіяда

Суботні дзень спаборніцтваў на Алімпіядзе ў Пхенгчхангу не прынёс у скарбонку зборнай Беларусі медалёў. Найлепшы вынік сярод нашых суайчыннікаў паказала біятланістка Дар’я Домрачава, якая з двума промахамі заняла дзявяты радок у спрынтарскай гонцы і адстала ад пераможцы немкі Ляўры Дальмаер на 46 секундаў. У канькабежным спорце на трох тысячах метрах наша Марына Зуева – 11-ая, у лыжных гонках-скіатлоне Юлія Ціханава – 42-ая, Паліна Сераносава – 46-ая. У шорт-трэку на паўтары тысячы метраў беларус Максім Сяргееў 28-мы. У агульнакамандым заліку Алімпіяды лідаруюць немцы, на іхным рахунку два золата.