Вынікі 2017 года ад «Белсату»


2017 быў багаты на гучныя падзеі, якія збольшага нічога не змянілі ні для Беларусі, ні для беларусаў. Масавыя пратэсты супраць гэтак званага падатку на дармаедства прымусілі ўлады адмяніць скандальны дэкрэт. Як аказалася – ненадоўга.

«Ніхто не адмяняў патрабаванні дэкрэту пра дармаедаў – гэта яны так яго называюць. Гэта будзе ваш дакумент, вы на месцы павінныя вызначыць, хто ў вас не працуе і прымусіць іх працаваць», – заявіў нядаўна Лукашэнка.

Інфармацыйную хвалю падняла таксама справа «Белага легіёну»

Тры дзясяткі чалавек правялі месяцы за кратамі. Гаварылася аб баевіках ды іхных арсеналах, а ў выніку – інфармацыйны правал года.

Справа аб цэлых лагерах узброеных да зубоў баевікоў распалася за паўгода.

Вучэнні з Расеяй

Яшчэ ў цяжэйшай сітуацыі афіцыйны Менск апынуўся падчас вераснёўскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017». Дзякуючы адкрытасці беларускай часткі манеўраў, прынамсі ў параўнанні з расейскай, у гэтым выпадку PR-трагедыі атрымалася пазбегчы.

«Тое, што гэтыя вучэнні паказалі поўную залежнасць Беларусі ад расейскай ваеннай дактрыны – гэта адно. Іншая справа – наколькі беларускай дыпламатыі атрымалася паказаць адасобленасць беларускага рэжыму ад расейскага. Гэта значыць, мы як бы вымушаныя былі праводзіць гэтыя вучэнні, але так сказаць – без энтузіязму», – кажа палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Еўропа гэта ацаніла

Ужо ў кастрычніку Лукашэнку запрасілі на саміт «Усходняга партнёрства». Але пасля доўгіх спекуляцыяў Менск у Бруселі рэпрэзентаваў ужо традыцыйна кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей. На думку эксперта, цяперашні стан двухбаковых адносінаў – ужо поспех.

«Сёння дзяржаўныя інстытуты спрабуюць на самых розных узроўнях атрымаць гранты ад ЕЗ. Можна сказаць так: патэнцыял адносінаў з Захадам не выкарыстоўваецца, але за 2017 год гэтыя дачыненні прынамсі не пагоршыліся», – суцяшае палітолаг Алесь Лагвінец.

Дзедаўшчына

Геапалітычны курс афіцыйнага Менску канчаткова перастаў хваляваць беларусаў трэцяга кастрычніка, калі стала вядома пра гібель 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў гарнізоне ў Печах. Толькі пасля ўзняцця тэмы ледзь не кожным беларускім СМІ мы даведаліся пра цэлы шэраг смерцяў у беларускай арміі. Высокія чыноўнікі доўга адмоўчваўся.

Выявілася, што маштабы трагедыяў у выніку дзедаўшчыны жахлівыя. Справаю быў вымушаны заняцца Следчы камітэт.

Эканамічным лейтматывам стаў абяцаны заробак $ 500

«Скрадзіце, адкапайце, знайдзіце, але $ 500 павінныя быць выкананыя», – загадаў Лукашэнка.

Але ў выніку сярэдні заробак ледзь пераваліў за $ 400, а рэальныя прыбыткі выйшлі ў плюс толькі ў лістападзе.

Адмена візаў і IT-прарыў

За ўсім гэтым негатывам можна забыцца, што Беларусь сёлета стала адкрытаю для грамадзянаў 80 краінаў свету, і бязвізавы рэжым будзе пашыраны ўжо ў першы дзень 2018-га. А пад заслону 2017-га Беларусь заявіла пра сябе як краіна лаяльнага для IT-бізнесу падаткаабкладання. Праўда, ці будуць працаваць гучныя дэкрэты, даведаемся толькі ў наступным годзе.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum