Выкрыў жыллёвыя махінацыі чыноўнікаў – высяляюць з інтэрнату


Кіраўніка Офісу па правах людзей з інваліднасцю чакае суд за права жыць у інтэрнаце. Супрацьстаянне з адміністрацыяй раёну пачалося, калі Сяргей выкрыў жыллёвыя махінацыі чыноўнікаў.

Сяргей Драздоўскі гадамі абараняў правы самых неабароненых. Цяпер падтрыманне патрэбнае яму. Ужо год спадар Сяргей змагаецца за права застацца ў інтэрнаце паліграфкамбінату, у якім жыў з маці каля 20 гадоў.

Пагрозы змушаюць людзей падпісваць

Будынак разам з жыхарамі незаконна перадалі ва ўласнасць адміністрацыі Савецкага раёну, гаспадаром стаў мясцовы ЖРЭА. Інтэрнат прызналі «камерцыйным жыллём«. У выніку жыроўкі падаражэлі прыкладна ўтрая. Сяргей звярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёну, але тая парушэнняў не выявіла.

«Як напісала пракуратура, яна даследавала адказ адміністрацыі. То бок, што адміністрацыя напісала, тое яна і даследавала. Гэта мяне не магло задаволіць і я звярнуўся ў гарадскую пракуратуру, якая праз паўгода высветліла, што сапраўды быў незаконны перавод», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Адміністрацыю абавязалі выправіць сітуацыю. У выніку памяшканню вярнулі статус інтэрнату, але – інтэрнату ЖРЭА, а гэта значыць, што жыць там цяпер могуць толькі працаўнікі гэтай арганізацыі. ЖРЭА падала на Сяргея пазоў у суд, каб выселіць без прапановы іншага памяшкання. Да таго ж Сяргея і ягоную маці знялі з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў, і толькі чарговы суд пастанавіў аднавіць іх у чарзе.

«Кіраўніцтва і ЖРЭА і Адміністрацыі карыстаюцца сваім становішчам – пагражаюць у мой адрас і, упэўнены, у адрас іншых жыхароў, умудраюцца выпісваць прадпісанні – зусім не адпаведны дакумент па форме. Пагрозы змушаюць людзей падпісваць», – кажа Драздоўскі.

Закон на нашым баку

У адміністрацыі Савецкага раёну сітуацыі не каментуюць. Дырэктар ЖРЭА Ігар Жук сказаў, што яму трэба падрыхтавацца, вывучыць дакументацыю і тое, што пішуць медыі ў гэтым пытанні, але сітуацыю так і не пракаментаваў. Шмат хто з жыхароў інтэрнату не вытрымаў і ўжо выселіўся, але Сяргей працягвае бараніць свае правы. У гэтым яго падтрымлівае і жонка, таксама юрыстка.

Настасся Жаўрыд, юрыст і жонка Сяргея кажа, што яны плануюць змагацца – і не толькі за свае правы.

«Тут ужо пытанне не толькі цэлага паверху, а я так жа ўпэўнена, што шматлікія людзі ў Беларусі знаходзяцца ў такой сітуацыі, якім ніхто не дапаможа, у якіх няма ні адукацыі, ні грошаў на юрыста, ні юрыста, які мог бы ім дапамагчы бясплатна. Таму гэта пытанне прынцыпаў і каштоўнасцяў», – кажа Настасся Жаўрыд.

Веры ў тое, што законнасць пераможа, мала: змагацца даводзіцца з дзяржаўнымі структурамі.

«Як яны сябе павядуць, палітычная гэта справа ці не палітычная? Таму што сапраўды закон цалкам на нашым баку. Але як гэта будзе ў судзе, і як мы гэта будзем разглядаць, і што прыдумае Адміністрацыя? Для мяне гэта нават свайго роду азарт», – дадае юрыстка.

Суд аб высяленні Сяргея Драздоўскага адбудзецца ўжо ў панядзелак 11 верасня.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел